Што ж, Марыя Калеснікава мае права думаць цяпер як заўгодна, у тым ліку і пра свае мінулыя дзеянні. Але дзіўна выглядае, калі яна спрабуе перапісаць гісторыю – пад свае сённяшнія ўстаноўкі.
Цыганкоў: Што адбываецца з героямі 2020 года Калесьнікавай, Ціханоўскім і Бабарыка
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра тое, ці ўдаецца нядаўнім кумірам знайсці месца ў новай сітуацыі.
Сяргей Ціханоўскі абвяшчае вайну журналістам; Віктар Бабарыка заяўляе, што нікому не патрэбны; Марыя Калеснікава кажа, што не змагалася супраць Лукашэнкі, – піша Цыганкоў. – Што ж адбываецца з героямі 2020 года і ці ўдалося ім знайсці месца ў жыцці і палітыцы пасля вызвалення з-за кратаў?...
«Усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш». Калісьці ў адным са сваіх тэкстаў я напісаў гэтую афарыстычную фразу, разважаючы пра рэакцыю грамадства на некаторыя выказванні Марыі Калеснікавай пасля вызвалення.
Усе цябе любяць, пакуль ты сядзіш, усе з табою салідарныя, усе табе спачуваюць – бо ты маўчыш. Як толькі ты выходзіш і выказваеш сваю палітычную ці каштоўнасную пазіцыю – ты кагосьці губляеш.
Не таму, што гэта пазіцыя няправільная, – а проста таму, што людзі розныя, і падыходы да кожнай тэмы ў іх розныя. І гэта, як падаецца, універсальны, а зусім не толькі беларускі палітычны закон.
У 2020 годзе для ўсіх беларусаў, якія былі супраць рэжыму, была адна тэма: «Мы супраць Лукашэнкі. Супраць гвалту, за справядлівасць, за новыя выбары». Гэта простая ідэя тады аб’яднала большасць.
Таму, калі Калеснікава раптам заявіла, што ў 2020 годзе змагалася не супраць Лукашэнкі, – гэта многіх уразіла і шакавала. «У 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі, я змагалася за людзей, за свабоду, за свабодныя выбары».
У 2020-м годзе галоўным лозунгам Калеснікавай было «долбить, долбить, долбить». З улікам таго, што яна кажа «у 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі...» – многім захацелася ўдакладніць, а каго ж яна заклікала «долбить».
Бо насамрэч уся дзейнасць Калеснікавай у 2020 годзе, усе ейныя выступы на мітынгах ды інтэрв'ю былі накіраваныя менавіта супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы.
Чалавек, які парваў пашпарт на мяжы, каб застацца ў Беларусі і працягваць барацьбу, – сёння заяўляе, што Еўропа павінна аднавіць кантакты з Лукашэнкам. Многія не разумеюць сутнасці і мэты такой трансфармацыі.
Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю 21 чэрвеня 2025 года пасля амаль пяці гадоў зняволення, якое прайшло ў самых бязлітасных і нечалавечых умовах. Ужо праз дзесяць дзён пасля выхаду з турмы Ціханоўскі апублікаваў вялікі відэазварот, дзе заявіў, што фармуе ўласную каманду, хоча аб'яднаць беларусаў у Беларусі і за мяжой і «праз тры тыдні нанесці магутны ўдар па лукашызму і яго прапагандзе».
І пачаў збор двухсот тысяч еўраў, неабходных, паводле ягоных словаў, для гэтай акцыі. Аднак збор ішоў не вельмі актыўна, і таму ўжо 4 ліпеня Ціханоўскі выказаў свае крыўды на беларусаў.
«Перамен не будзе без вашага даверу і падтрымкі. Я звярнуўся да вас за дапамогай, і вы заданацілі мне тысячу еўра. І чакаеце магутнага ўдару па лукашызме праз тры тыдні. Сорамна і балюча. Нехта павінен прыйсці і за вас усё зрабіць. Чакайце. Чакайце далей. А я буду змагацца. Жыве Беларусь!»
Што тут можна сказаць, акрамя банальнай фразы, што «палітыка – гэта майстэрства магчымага». Трэба ўмець адэкватна ацэньваць свае рэсурсы, уплыў і, адпаведна, ставіць адэкватныя мэты.
Выглядае, што адразу пасля вызвалення Сяргей Ціханоўскі ўнутры сябе ўсё яшчэ жыў 2020 годам і, скажам асцярожна, пераацаніў цяперашнія настроі ў грамадстве і ўласную мабілізацыйную здольнасць.
Ён выйшаў з турмы з вельмі моцным асабістым капіталам: чалавек, які мужна адседзеў амаль пяць гадоў, не здаўся, які быў адным з галоўных сімвалаў 2020 года. І, відаць, меркаваў, што гэтая сімвалічная энергія аўтаматычна ператворыцца ў масавую падтрымку любога ягонага праекту.
У жніўні 2025 года, на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Ціханоўскі ўжо называў сябе палітыкам, казаў пра фармаванне ўласнай каманды і адначасова падкрэсліваў, што выступае супраць ґвалтоўнай перамены ўлады. Ён казаў, што да ягонай каманды ўжо далучыліся каля пяцісот чалавек, у тым ліку каля ста – з Беларусі.
На той момант выглядала, што Сяргей пачаў будаваць уласны палітычны праект, хоць фармальна не абвяшчаў сябе канкурэнтам Святланы Ціханоўскай ды і́сных структураў. Але гэты праект не атрымаў нейкага яркага і заўважнага развіцця.
Ужо ў 2026-м Сяргей загаварыў пра «фінляндызацыю» Беларусі, нейтралітэт і рыхтаванне да транзіту ўлады. Гэта ўжо яўная спроба перайсці ад ролі блогера-пратэстоўца да ролі палітыка з візіяй таго, што рабіць пасля Лукашэнкі.
Цяпер Ціханоўскі жыве ў Лос-Анджэлесе, стварыў Юцюб-канал, на якім чытае ўласныя вершы, апошнімі днямі нават абвясціў крыжовы паход супраць «несумленных» журналістаў, рэзка і эмацыйна дыскутуе з людзьмі ў сацыяльных сетках, называючы апанентаў клоўнамі і іншымі словамі, якія я не буду тут цытаваць.
Як мне падаецца, Сяргей пакутліва і не без стратаў шукае сябе ў жыцці і палітыцы – і працэс гэты нялёгкі і супярэчлівы. Бо – паўтаруся – «цябе ўсё любяць, толькі пакуль ты сядзіш».
Бадай, найбольшыя чаканні грамадства былі звязаныя з Віктарам Бабарыкам. Чалавек, які відавочна меў самы вялікі рэйтынг летам 2020 года, перад сваёй пасадкаю. Як мне падаецца, беларусы палюбілі яго тады не за нейкія асабліва правільныя словы і ідэі, а за тое, што гэта быў чалавек з высокаю пасадай і сацыяльным статусам – кіраўнік банку.
Беларусы палічылі, што калі такі забяспечаны і паспяховы чалавек кінуў выклік Лукашэнку, то штосьці сапраўды мяняецца і ён мае шанцы перамагчы.
Галоўнае пытанне, якое паўстала адразу пасля вызвалення Бабарыкі, – ці пажадае ён ды ягоная каманда ўліцца ў і́сныя формы дэмакратычных сілаў ці пачне будаваць уласную палітычную структуру.
Вясною, калі былі выбары ў Каардынацыйную раду, Бабарыка заявіў, што аргкамітэт партыі «Разам» «пасля неаднаразовага і дэталёвага абмеркавання» прыняў рашэнне «аб няўдзеле нашай партыі ў вясновых выбарах у Каардынацыйную раду»…
Гэтым рашэннем Бабарыка артыкуляваў, што не жадае гуляць паводле правілаў ужо існай апазіцыйнай сістэмы і, магчыма, не супраць перапісаць самі правілы.
У сваім крытычным выступе сёлета ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь» ён раскрытыкаваў вынікі дзейнасці дэмакратычных сілаў і заявіў, што «ягоныя сябры» ў Беларусі імі не цікавяцца. У дзень канферэнцыі ў інтэрв'ю Радыё Свабода Бабарыка палемічна заявіў, што ён нікому з дзейсных прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў не патрэбны.
З іншага боку, Бабарыка ані словам, ані дзеяннем не ўвязваўся ў адкрытую дыскусію з Ціханоўскай. У лютым яны сустрэліся і абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты і адзінства дэмакратычных сілаў. Але за апошнія месяцы зрабілася відавочна, што гэта хутчэй не супраца, а «пакт аб ненападзенні».
Як мне падаецца, з усіх трох яркіх асобаў, якіх я тут абмяркоўваю, менавіта Віктар Бабарыка здолеў найбольш адэкватна ацаніць новую сітуацыю і паспрабаваць знайсці сваё месца ў ёй.
(Хаця і не адразу, калі ўспомніць скандальную прэс-канферэнцыю ў першы дзень пасля вызвалення.) Бабарыка перазапусціў свой палітычны вобраз.
У жніўні з'явіўся ягоны праект Belarus Network. Яго ідэя – будаваць сетку, якая будзе звязваць рэсурсы і людзей у Беларусі і за мяжою. Прычым Бабарыка падкрэслівае тры прынцыпы: бяспека ўдзельнікаў, празрыстасць размеркавання рэсурсаў і арыентацыя на канкрэтны вынік.
Магчыма, ад перспектываў росту гэтага праекту будуць залежаць і перспектывы Віктара Бабарыкі як палітыка ці грамадскага дзеяча. Тут галоўнае – ці ўдасца яму ператварыць свой імідж «паспяховага менеджара» 2020 года ў рэальны палітычны капітал 2026 года.
Читайте еще
Избранное