Мы плацім падаткі, з якіх дзяржава павінна рамантаваць радзільні, школы, бальніцы і дарогі.
Таму фраза «мы робім гэта для сябе» зручна падмяняе іншае пытанне: чаму сацыяльны аб’ект своечасова не адрамантавалі за бюджэтныя сродкі?
Гомельскі аблвыканкам паведаміў пра першы ў гэтым сезоне восеньскі суботнік. 5 верасня жыхары вобласці добраахвотна-прымусова прынялі уддзел у «рэалізацыі важнага для палескага рэгіёна праекту». Заробленыя сродкі мусяць пайсці на завяршэнне мадэрнізацыі радзільні ў Мазыры.
Мясцовыя ўлады асабліва падкрэслілі, што робіцца гэта ў Год беларускай жанчыны і «для сябе, сваіх дзяцей, нашых бацькоў».
Дарэчы, для гомельскіх уладаў добраўпарадкаваць горад за кошт людзей справа звыклая: нагадаем, летась менавіта тут прыцягнулі настаўнікаў і нават школьнікаў класці тратуарную плітку. Нават суботнік не абвяшчалі, проста распарадзіліся. Імаверна, пад тым жа самым дэвізам — для сябе робіце.
Але ж хіба не дзяржава мусіць дбаць пра сацыяльныя аб’екты, у тым ліку выдаткоўваць грошы з бюджэту на іх рамонт і мадэрнізацыю? Чаму гэта адказнасць перакладаецца на грамадства, і чаму наогул беларускія ўлады так палюбілі адноўленую традыцыю суботнікаў, а таксама «вясеннікаў» і «асеннікаў», якія ладзяцца штогод у кожнай вобласці прыкладна цягам месяца?
Мы запыталіся ў гамельчука, юрыста Асацыяцыі «Солидарность» Леаніда Судаленкі, норм ці стром — заклікаць людзей да неаплочваемай працы пад заклікамі «для сябе ж робіце»?
— Норм, калі людзі самі вырашылі сабрацца і добраўпарадкаваць двор, школу ці дзіцячую пляцоўку. А стром, калі начальства пераконвае: «Гэта ж для вас, вашых дзяцей і бацькоў», — а паспрабуй адмовіцца, тады давядзецца тлумачыцца, чаму ты не з усімі, — мяркуе юрыст.
Мы плацім падаткі, з якіх дзяржава павінна рамантаваць радзільні, школы, бальніцы і дарогі.
Таму фраза «мы робім гэта для сябе» зручна падмяняе іншае пытанне: чаму сацыяльны аб’ект своечасова не адрамантавалі за бюджэтныя сродкі?
Што да любові беларускай дзяржавы да «суботнікаў» і іншых масавых неаплатных прац, тут ёсць некалькі чыннікаў, зазначае Леанід Судаленка.
Па-першае, гэта эканомія: частку дзяржаўных абавязкаў перакладаюць на бясплатную працу людзей. Па-другое, гэта дадатковы збор грошай з работнікаў пад выглядам добраахвотнасці. Па-трэцяе, гэта савецкая мадэль мабілізацыі: улада загадвае, апрацоўныя калектывы арганізавана выконваюць.
І нарэшце, гэта форма кантролю і праверкі лаяльнасці: хто прыйшоў, хто адмовіўся, хто не захацеў «быць як усе».
Бухгалтарскі парадак уліку сабраных сродкаў існуе, дадае юрыст. Але празрыстасць у ім — не толькі паведаміць, куды грошы нібыта накіруюць. Грамадства павінна бачыць, колькі дакладна сабралі, хто распараджаўся сродкамі, якія канкрэтна работы аплацілі і колькі яны каштавалі.
— Сама талака — добрая беларуская традыцыя, але талаку людзі арганізуюць самі. Калі ж яе прызначае губернатар, кантралюе начальнік, а грошы ўтрымлівае бухгалтэрыя, гэта ўжо не талака. Гэта прымус, замаскіраваны пад клопат пра агульнае дабро.
І прававы нюанс тут таксама адназначны: дзяржаўная інспекцыя працы прызнае ўдзел у суботніках толькі добраахвотным, а праца ў выходны дзень патрабуе пісьмовай згоды работніка [арт. 137 і 142 Працоўнага кодэкса).
Каму зручная «слаўная і векавая традыцыя»
Чыноўнікі розных узроўняў любяць паўтараць, што суботнікі — гэта «слаўная і векавая традыцыя», «кансалідацыя грамадства вакол нашых традыцыйных каштоўнасцяў» (версія Наталлі Качанавай), «яднанне» (паводле Уладзіміра Караніка) і нават «абавязковы атрыбут жыцця, які з часам, як і выбары, ператварыўся ў свята» (аўтар сентэнцыі — Юрый Караеў).
Паслухаць іх, так сумесная праца на свежым паветры настолькі каштоўная і карысная, што людзі мусілі б даплочваць за ўдзел у ёй.
Але многія беларусы заўважаюць іншае. Фактычны прымус пры дэклараваным добраахвотным удзеле. Навязванне «зверху», а не вырашэнне грамадзянскай супольнасцю, якія аб’екты трэба падтрымаць працай і грашыма. І паўсюдная «паказуха» са справаздачамі — так, у TikTok ад 18-19 красавіка гэтага года сотні амаль аднолькавых ролікаў з бадзёрымі фотасесіямі працаўнікоў на фоне рыдлёвак ды іншага рыштунку.
Аднак карысць ад гэтай традыцыі безумоўна ёсць — перадусім для дзяржавы. Прыгадаем, колькі аб’ектаў, незалежна ад свайго жадання, беларусы прафінансавалі за апошнія пяць год — і колькі сродкаў на гэта выдаткавалі.
Сёлета на рэспубліканскім суботніку прыяцгнулі каля 2,3 мільёнаў чалавек і сабралі звыш 20 мільёнаў рублёў. Усе іх абяцалі скіраваць на стварэнне пастаяннай экспазіцыі ў новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея.
У 2025 годзе рэспубліканскіх суботнікаў было два: у красавіку і кастрычніку. Агулам зарабілі амаль 35,9 мільёна рублёў. Частку гэтай сумы выдаткавалі зноў жа на будаўніцтва гістарычнага музея, рэшту пакінулі Мінску і абласцям. Практычна ва ўсіх рэгіёнах за гэтыя грошы аднавілі мемарыялы часоў Другой сусветнай вайны; на Гродзеншчыне ўклаліся ў добраўпарадкаванне манастыра і аграгарадка ў Жыровічах, у Віцебску — паставілі памятны знак «Працоўнай славы», а пад Мінскам дабудавалі хірургічны корпус абласнога шпіталя.
Суботнік 2024 года прынёс на адмысловы рахунак Мінфіна 15,8 мільёнаў рублёў. Іх размеркавалі паміж Гомельскай, Брэсцкай і іншымі абласцямі на аднаўленне помнікаў Другой сусветнай і стварэнне цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.
З 2020 па 2023 гады на цэнтралізаваных суботніках сабралі больш 45 мільёнаў беларускіх рублёў. Выдаткавалі іх зноў жа на ваенныя мемарыялы — у Азарычах, Хатыні; радзей грошы скіроўвалі на медычныя ці спартовыя ўстановы, дзіцячыя летнікі, у 2021 годзе абяцалі закупіць для беларусаў вакцыны ад каранавірусу, а ў 2020 — завяршыць рэстаўрацыю Нацыянальнага мастацкага музею.
Раней, як мы помнім, сродкі ад суботнікаў збіралі для новага будынку музея Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку, «лінію Сталіна», рэканструкцыю манумента Перамогі, узвядзенне «Мінск-Арэны», рамонт найвялікшага ў краіне летніка «Зубраня», ПЭТ-цэнтр у Бараўлянах, абсталяванне РНПЦ «Маці і дзіця».
То-бок, фактычна паўсюль, дзе дзяржава распачынала маштабныя праекты, а потым аказвалася, што грошай не хапае.
Чым далей, тым больш відавочны перакос у бок зручнай для ўладаў гісторыі, ваенных помнікаў і тэрыторый, да якіх не даходзяць рукі. Ужо нікога не здзіўляе пазапланавая праца ў выходныя і навядзенне марафету, калі правіцель «знянацку» плануе наведаць нейкі горад ці прадпрыемства. Адметна і тое, што лічба ў 2,3-2,4 мільёны ўдзельнікаў суботнікаў у афіцыйных справаздачах фактычна не змяняецца, нягледзячы на масавы адток беларусаў з краіны.
Чыноўнікі, магчыма, наогул не ўсведамляюць: чым часцей яны абвяшчаюць суботнікі, «вясеннікі» ды «асеннікі» пад заклікам працоўнага яднання, тым больш выразна паказваюць: у дзяржавы няма грошай, каб рэалізаваць нават не амбітныя, а звычайныя інфраструктурныя праекты; у краіне нестае працоўных рук, і сітуацыя не паляпшаецца ні з выхадам Качанавай і Ко у двары, ні з завозам працоўных мігрантаў з іншых краін. А ў якасці аб’яднаўчага элементу цяперашнія ўлады могуць прапанаваць толькі савецкае мінулае.
Читайте еще
Избранное