Неабыякавыя

Марына Міхайлава

«Калі нас вызваляюць, пачынаюцца нейкія таргі – {супрацоўнікі калоніі} ужо не разумеюць, што будзе заўтра. Кім будзе праз год цяперашні вязень?»

Праваабаронцы, былыя палітвязынкі Наста Лойка і Марфа Рабкова распавялі, як сяброўства дапамагала трымацца ў зняволенні, чаму змянілася атмасфера ў беларускіх вязніцах і што бачаць сваёй галоўнай мэтай цяпер. «Салідарнасць» пабывала на гэтай сустрэчы — распавядаем галоўнае.

Фота: racyja.com

Беларускія сілавікі адмыслова шукаюць слабыя месцы ў «палітычных» вязняў, каб рабіць умовы зняволення больш складанымі для людзей. Аднак сяброўства і ўзаемападтрымка  мацнейшыя за гэты ціск і нават за страх.

Праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, якіх улады вызвалілі і вывезлі за межы краіны 5 месяцаў таму, на сустрэчы з беларусамі Вільні распавялі пра тое, ці магчыма бараніць правы чалавека ў няволі, што хвалюе супрацоўнікаў калоній і як на свабодзе дапамагаюць іншым.

Пра сяброў у вязніцы і на волі

Марфа і Наста жартуюць, што пачуваюцца як птушкі-неразлучнікі. Яны ведаюць адна адну шмат гадоў, нават нарадзіліся ў адзін дзень з розніцай у некалькі год — і сёлета вызваліліся таксама ў адзін дзень, 19 сакавіка.

У няволі яны правялі 5,5 год з 15 прысуджаных і 2,5 з 7 прысуджаных.

Калісьці Наста прывяла сяброўку ў праваабарону. Тая, у сваю чаргу, валантэрыла ў прытулку для жывёл і дапамагла Насце знайсці там новага вернага сябра, сабаку Эрыка.

Гэтае сяброўства, кажуць дзяўчаты, дадавала ім моцы ў зняволенні, дзе «вельмі важна было, што побач ёсць чалавек, якому ты давяраеш, з якім ты на адной хвалі» — яны падтрымлівалі адна адну, абмяркоўвалі важныя для абедзвюх рэчы, нават таемна ліставаліся.

З іншага боку, гэта вымушала больш турбавацца кожную з сябровак — а сілавікам давала поле для маніпуляцый, каб разбурыць стасункі.

Адна з такіх спробаў адбылася, дарэчы, акурат праз сабаку Эрыка. Сілавікі зманілі, што той памёр — і пастараліся, каб менавіта Марфа паведаміла гэтую вестку сяброўцы. Аднак неўзабаве сваякі абверглі звесткі, а дзяўчаты не пасварыліся.

Больш за тое, праз іншых зняволеных, якім не абмяжоўвалі спатканні і званкі да родных, інфармацыя, што з сабакам усё добра, і нават фота ў доказ прыходзілі да Насты Лойкі яшчэ некалькі месяцаў. То-бок, замест разбурэння сувязяў сілавікі выклікалі моцную хвалю салідарнасці.

— Помню, як гуляю «на карантыне» ў дворыку, адчыняецца недзе зверху вакно, і Наталля Дуліна крычыць: «Эрык жывы!» — з цёплай усмешкай згадвае Наста.

Не так даўно яна ўпершыню за амаль чатыры гады убачылася з сябрам у Чэхіі, у сям’і, дзе той жыве. Зразумела, што сабаку ў сям’і вельмі добра. І прыняла няпростае рашэнне: не забіраць яго, каб не ствараць 10-гадоваму Эрыку моцны стрэс для здароўя і псіхікі, але наведваць часцей і быць побач, наколькі магчыма.

Марфу на волі чакалі не толькі муж і родныя, а яшчэ некалькі выратаваных з вуліц котак.

— Ці дачакаўся гаспадыню кот Марфей? З кім атрымалася ўбачыцца жыўцом? — пацікавілася «Салідарнасць».

— Так, з Марфеем усё добра, — ківае Марфа, — ён жыве ў маіх свёкраў, у іх асобная хата. І ён там жыве, мабыць, сваё лепшае жыццё: гуляе дзе захоча, таксама выязджае з імі на дачу. Пра яго вельмі клапоцяцца, нават пасля таго як памыюць лапкі, закутваюць у рушнік, і я смяюся, што свёкры гадуюць «унучка».

Яшчэ адна мая котка, Адэля, жыве тут у Вільні ў добрай сям’і. Калі мяне вызвалілі, я шмат сустракалася з калегамі, сябрамі, і зусім не плакала, трымалася неяк. А заехала ў «вясноўскі» офіс, мне кажуць: там падарунак чакае ў суседнім пакоі. Заходжу — Адэля. І я села на падлогу, як расплакалася… Больш-менш пазнала мяне, падаецца.

Але ж у гэтай сям’і ёсць дзяўчынка, з якой яны ўжо амаль шэсць  год разам, пасябравалі — і малая вельмі перажывала, што я Адэлю забяру. Кажу: не, я ж бачу, як ёй добра, і не разлучу вас. Аднак калі ўбачыла б беспрытульную жывёлку, якой ніхто не апякуюцца, на вуліцах Вільні — то схапіла б і павалакла да сябе.

Пра праваабарону і прыярытэты

— Абарона правоў чалавека магчымая нават за кратамі, — перакананая Наста Лойка. — Ты можаш збіраць сведчанні пра ўмовы ў вязніцы, пісаць скаргі і звароты, дапамагаць іншым зняволеным рабіць гэта, тлумачыць іхныя правы.

Таму я не лічу, што на волі я вярнулася ў праваабарону — бо і не сыходзіла з яе. Цяпер я працую зноў у Human Constanta, адна з тэм, якія мяне турбуюць — турэмная рэформа, а таксама дапамога людзям, якія пасля вызвалення застаюцца ў Беларусі. Апроч таго, шукаю валантэрскую падтрымку і збіраю аднадумцаў у (не)таемны ордэн Белага слана — суполку, якая грунтуецца на каштоўнасці правоў чалавека.

Марфа Рабкова сёння зноў працуе ў праваабарончым цэнтры «Вясна» — прызнаецца, што бярэцца за любую справу, дзе можа быць карыснай і чымсьці дапамагчы іншым. Але галоўнай для сябе лічыць адвакацыю і барацьбу за найхутчэйшае вызваленне беларусак-палітвязынак.

— Безумоўна, мяне турбуе і лёс палітвязняў-мужчын, усіх наогул. Але жанчыны — я была побач з імі шмат год і бачыла, што ім у вязніцы асабліва цяжка.

Я абяцала дзяўчатам на развітанне, што буду казаць пра тое, што для іх важна, наколькі яны хочуць найхутчэй аказацца на свабодзе. Перада мной стаяць вочы Ірыны Мельхер, якой у вязніцы споўнілася 70 год… Пакуль яны ў зняволенні — я буду рабіць усё, што магу, каб хоць трошкі палепшыць тое, што ёсць зараз.

Пра стаўленне турэмшчыкаў да вязынак

Былыя палітзняволеныя адзначылі, што атмасфера ў калоніі цягам апошніх год істотна змянілася. У 2021 годзе турэмшчыкі не ведалі, што рабіць з першымі «палітычнымі». Потым, відаць, атрымалі інструкцыі і пачалі «жарсціць», узмацняць траўлю, здзекі і катаванні, ускладняць умовы адбыцця пакарання, забараняць «жоўтым цэтлікам» самыя звычайныя рэчы — то пасля пачатку масавых вызваленняў многія разгубіліся і змянілі свае паводзіны.

Прыкладам, незадоўга да вызвалення адзін з супрацоўнікаў калоніі, нягледзячы на ўсе забароны і абмежаванні, зладзіў дзяўчатам 10-хвілінную сустрэчу.

«Мяркую, ён хацеў пакінуць аб сабе добрае ўражанне», — кажа Наста.

Яна дадае, што цяпер супрацоўнікі калоніі разрываюцца паміж страхам грамадскага рэзанансу і жаданнем выслужыцца. Некаторыя зрабілі кар’еру, катуючы палітвязняў, — але іншыя змякчылі свае паводзіны.

Паказальна, што ў вязніцах цяпер дэфіцыт кадраў, нягледзячы нават на неблагія заробкі: занадта цяжкія ўмовы і таксічны асяродак на гэтай працы.

— На мой погляд, яны не баяцца таго, што не змогуць ездзіць у Еўропу (наўрад ці і цяпер многія ездзяць). Больш іх хвалюе, так бы мовіць, турбулентнасць нашага часу, — разважае Марфа Рабкова. — У іх павінна быць усё проста: вось ворагі, якіх трэба катаваць. А калі нас вызваляюць, пачынаюцца нейкія таргі — яны ўжо не разумеюць, што будзе заўтра. Кім будзе праз год цяперашні вязень? Што ён публічна распавядзе пра іх учынкі?

Таксама  на іх паўплывала вайна ва Украіне.

Многія лічылі, што Расія зможа ўзяць «Кіеў за тры дні» — а час паказаў, што расійская армія буксуе. І яны бачаць, што свет больш складаны, чым ім уяўлялася, і невядома, з кім заўтра Беларусь будзе сябраваць.

Тое, што я чула: яны не ведаюць і баяцца, ці не будуць заўтра самі за кратамі, калі сістэма пачне жэрці сваіх паслугачоў.

Бо следчы, які вёў справу TUT.BY, цяпер сам сядзіць за кратамі — і мы ведаем шмат такіх прыкладаў.

Пра люстрацыю

— Мы на сваім досведзе зразумелі, што такое «лес сякуць — трэскі ляцяць», мы былі гэтымі маленькімі трэскамі, — кажа Марфа Рабкова. — Таму, калі разважаць пра будучую люстрацыю, я лічу, што яна павінна быць кропкавай, вельмі індывідуальнай. Як анкахірургія: выдаляць пухліну акуратна, каб не пашкодзіць жывую тканіну.

Я лічу, што перадусім трэба асудзіць саму сістэму. А потым ужо разбірацца з людзьмі, іх унёскам у гэтую сістэму.

Раскол адбыўся вельмі страшны. Аднак і яны, і мы — беларусы, і нам прыйдзецца жыць у адной краіне. Мы не будзем іх выганяць з краіны, як яны гэта зрабілі — бо гэта супраць правоў чалавека. Мы будзем лепшымі за іх, бо гэта больш пра жыццё і пра будучыню.

Марфа Рабкова

— Я таксама лічу, што пытанне нацыянальнага прымірэння вельмі складанае, комплекснае, і ў ім не можа быць хуткіх адказаў, — дадае Наста Лойка. — Ёсць пэўны гістарычны досвед, які варта вывучаць, ёсць прыклады, як быць не павінна. І ёсць міжнародныя стандарты правоў чалавека, якія павінны працаваць для ўсіх.