Филин

Кацярына Батлейка

Тышкевіч: «Размова паміж літоўскім і беларускім бокам будзе. Але не толькі пра транзіт калію»

Пра што могуць размаўляць бакі? І якая краіна таксама можа разглядаць перамовы з рэжымам.

Спецпасланнік ЗША па пытаннях Беларусі Джон Коўл заявіў, што спадзяецца на двухбаковую сустрэчу паміж Літвой і Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў. Ён жа мяркуе, што транзіт беларускага калію павінен аднавіцца праз Літву. Літоўскі бок тым часам адказаў, што разглядае магчымасць такой сустрэчы, але Літва не абмяркоўвала з Коўлам транзіт беларускіх угнаенняў.

Філін пагаварыў з аналітыкам Ігарам Тышкевічам, наколькі рэальная такая сустрэча і што можа стаць яе вынікам.

— Тое, што такая сустрэча будзе, кіраўніцтва літоўскай Рэспублікі дапускала і раней. Але тое, што такая сустрэча мусіць адбыцца, стала зразумела, калі актывізаваўся амерыканскі трэк і загаварылі пра калій, — кажа Ігар Тышкевіч.

Ігар Тышкевіч

Закрыццё памежных пераходаў з боку Літвы былі спробай падняць стаўкі, каб увайсці ў патэнцыйныя перамовы з моцнай пазіцыі. Яны вырашылі скапіяваць падыход Польшчы, але пераацанілі свае сілы, бо палякі апелявалі да Кітая, які мае ўплыў на Беларусь. І гэта спрацавала. А Літва такіх партнёраў не мела.

Яны спадзяваліся, што Польшча праявіць салідарнасць, але палякі праявілі яе фармальна, адклаўшы адкрыццё мяжы на некалькі тыдняў.

У бяспекавым і фінансавым плане Літва вельмі залежыць ад ЗША. Таму пажаданні ЗША для іх — важны сігнал.

 З іншага боку, Літва дэкларавала, што адна з нешматлікіх дзяржаў дэманструе каштоўнасную палітыку. У такім выпадку сустрэча без дадатковых умоваў выглядала бы дзіўна. Таму літоўскі бок выставіў умовы. Але станам на сёння яны выкананы.

Умова спынення міграцыйнага крызісу — дык натоўпу мігрантаў ужо даўно няма на мяжы. Вяртанне грузавікоў таксама ўжо адбываецца. Паветраныя шары — гэта сезонная рэч: калі паглядзець на прагноз надвор'я, то шары могуць ляцець максімум 50-60 дзён на год.

Таму «прынцыповыя ўмовы» Вільні — гэта тое, што ўжо зроблена або робіцца. Але гэта дазваляе літоўскаму ўраду сказаць, што яны жорстка паставілі ўмовы афіцыйнаму Мінску і ён іх выканаў.

Дарэчы, той жа пераезд Ціханоўскай у Варшаву — таксама расчыстка глебы для такіх будучых перамоў.

Таму, лічыць Тышкевіч, размова паміж літоўскім і беларускім бокам будзе. Але не толькі і не столькі пра транзіт беларускага калію. 

— Пытанне калійных угнаенняў на сёння яшчэ не такое актуальнае, бо пакуль не зразумела, якія аб'емы і хто будзе пакупніком. ЗША усё жі могуць увайсці ў капітал аднаго з беларускіх руднікоў. І, калі ўвойдуць, транзіт фактычна адразу адкрыецца.

Што датычна апеляцыі літоўскага боку пра санкцыі ЕС адносна беларускага калія, то яны дзейнічаюць на пакупку ўгнаенняў. Але, калі казаць пра транзіт, ёсць канвенцыя ААН па марскім праве, і там ёсць пералік пунктаў, якія могуць стаць перашкодай для транзіту. Гэта таксама глеба для абмеркавання.

Больш шырокая тэма, на якую могуць размаўляць бакі, на думку Тышкевіча — гэта аднаўленне пэўных эканамічных кантактаў.

— З пункту гледжання палітыкі ЗША [трэба] даць больш манеўру Мінску і паглядзець, што будзе. Бо пакуль лагістыка беларускага экспарту і імпарту завязана на Расею — казаць пра нейкую змену арыентацыі не выпадае. Таму што як бы там ні было, Беларусь — з пункту гледжання знешняга гандлю — краіна з адкрытай эканоміка.

Адпаведна з гэтым, калі хочаш паглядзець, ці будзе афіцыйны Мінск нейкім чынам змяняць сваю палітычную пазіцыю, першае, што ты робіш — дазваляеш транзіт.

Аналітык лічыць, што Украіна такім жа чынам цяпер падымае стаўкі, улічваючы магчымы дыялог з беларускім рэжымам.

— Польшча адкрыла перамоўны трэк праз падняцце ставак. Гэта спрацавала. У літоўскага боку, няхай і з дапамогай ЗША, але таксама спрацуе. Цяпер глядзім на сітуацыю ва Украіне. Ідуць у тым ліку фарматы перамоў па, так скажам, замарожванні вайны, па аднаўленні краіны пасля.

Першы варыянт — калі перамовы будуць пры пасрэдніцтве ЗША, якія задаюць агульную рамку. Жаданне Трампа, каб часткай грошай на аднаўленне Украіны апекавалася ягоная Рада міру. Я прашу прабачэння: тое, што Лукашэнка ў Радзе міру — гэта нічога?

Калі гэта будзе без дадатковых умоў, то Лукашэнка выходзіць на ўкраінскі рынак фактычна на спіне амерыканцаў. Украіне ставіць свае патрабаванні ў такім фармаце будзе вельмі цяжка, калі не будзе ўласнага перамоўнага трэка.

Другі варыянт — у ЗША не атрымліваецца, фармуецца група пасрэднікаў з краін ЕС, ЗША і Кітая. Дзве апошнія краіны будуць выступаць за тое, каб Беларусь была ў якасці гандлёвых партнёраў.

І трэці варыянт — ціск ЗША, магчыма, Кітая і некалькіх краін ЕС на аднаўленне эканамічных кантактаў паміж Украінай і РФ. Хаця б у сферы паліва. Але для ўкраінскага палітыка, які прыме такое рашэнне, гэта вельмі рызыкоўна для яго палітычнай будучыні. У такім выпадку шукаюць краіну-пракладку, праз якую ажыццяўляюць такое супрацоўніцтва.

Адпаведна, у такіх умовах, каб абараніць свае інтарэсы і выставіць свае прэтэнзіі, рана ці позна перамоўны трэк (з рэжымам Лукашэнкі — С.) таксама спатрэбіцца.

Таму Украіна паднімае стаўкі. І візіт Ціханоўскай адбудзецца, і будуць іншыя рашэнні. Але часткова гэта механізм падняцця ставак і стварэнне базавых умоў для пачатку ўласнага трэку. Плюс нельга забываць, што непублічныя кантакты ніколі не спыняліся.