«Знішчана больш чым 25-гадовая праца». Хакеры атаковалі сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org

У выніку хакерскай атакі парушаная праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.

Як паведаміў каардынатар праекту Яраслаў Іванюк, атака на сайт адбылася мінулай ноччу. На гэты момант сайт не працуе.

— Змаганне рэжыму з беларускай культурай працягваецца, — канстатуе Яраслаў Іванюк.

Тым не менш ён спадзяецца, што аднавіць адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры ўсё ж атрымаецца, хоць на гэта і патрэбны час.

— Весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы — як казаў класік — заўчасныя і крыху перабольшаныя. Хаця, трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся, — адзначае каардынатар праекту.

Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій супраць беларускай культуры і мовы, Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці.

Хакерская атака чарговы раз пацвердзіла, што Камунікат — гэта важны культурніцкі праект, які як соль у воку для спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі.

Будзем змагацца і адбудуем адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры! Не выключана, аднак, што зойме гэта шмат часу, — сцвярджае Яраслаў Іванюк.