Гурневіч: « Іх пакуюць у цягнік, вязуць за тысячы кіламетраў і кідаюць у гарах ваяваць. За хворыя фантазіі і амбіцыі фанатыкаў»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч — пра розніцу паміж вайной у Афганістане і паўстаннем Каліноўскага. 

— Вельмі сумнае відовішча — разглядаць здымкі з адзначэння Дня «воінаў-афганцаў», — піша Дзмітрый Гурневіч. — Мой бацька быў у Афганістане і я нават дзіцем разумеў, што для яго гэта быў супертраўматычны досвед, які не адпускаў да смерці.

Але гэты досвед абсалютна бяздумна рамантызуецца і эксплуатуецца людзьмі, якім прырода дала вадкія мазгі.

Дзмітрый Гурневіч

Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў Каліноўскага, хаця тое паўстанне і пацярпела паразу. Але там быў геройскі чын. Уздым на сваёй зямлі супраць у разы мацнейшага акупанта. Нашы героі ішлі ў атрады самі, ваявалі ў сваіх лясах, бегалі па сцяжынах, якія ведалі з дзяцінства, за сябе. Нават калі яны мелі моманты сумневаў у сваёй перамозе, дык дакладна не сумневы ў рацыі гэтай барацьбы.

Я некалькі разоў пытаўся ў бацькі, а што ты там рабіў? Бацька не адводзячы вачэй ад акна або газеты, з лёгкай усмешкай адказваў: выконваў доўг воіна-інтэрнацыяналіста. Думаю, ён усё разумеў, але што яму яшчэ было казаць?

Але аднойчы ў нас гасцявала яго аднакласніца, ім было ўжо за 45. Усе пайшлі спаць, а яны засядзеліся за сталом. І я са свайго пакоя чуў, як жанчына спыталася нешта пра Афганістан. Там у бацькі ўжо не было фармальных фразаў, ані ўсмешкі. Ён плакаў і хныкаў як дзіця.

У мяне няма ніякіх пытанняў ці прэтэнзій да афганцаў. Я ні словам іх не крытыкую. Акурат яны не рамантызуюць тыя падзеі. Яны ціхенька ходзяць гуськом на гэтых мітынгах, пакуль іншыя тонуць у пафасных прамовах пабоч.

І я згодны, што афганцам трэба памагаць, бо ў многіх траўма трымаецца дзясяткамі гадоў. Я ўяўляю іх салдатамі. Іх пакуюць у цягнік, вязуць за тысячы кіламетраў і кідаюць у гарах ваяваць. За сваю маму ў Налібаках? За бяспеку Мінска ці Гомеля? За хворыя фантазіі і амбіцыі фанатыкаў. І сёння на гэтай гісторыі выхоўваюць чарговае пакаленне, рамантызуюць адну з самых бяздумных войнаў маскоўскіх каланізатараў.

Я ўважліва паслухаў выступы ўдзельнікаў мітынгу ў Стоўбцах. Усе кажуць пра доўг (каму яны мусілі яго аддаваць), абарону радзімы (якой?), прысягу (каму?) выступаюць на фоне сцяны, дзе здымкі маладых загінулых у Афганістане ўраджэнцаў раёну. Дзеці на сцэне ў ДК танцуюць, радасна спяваюць, адбываецца паказ рукапашнага бою, зала спявае «Офицеры, офицеры ваше сердце под прицелом».

А ветэран гэтай вайны, чалавек вельмі разумны (я пра яго шмат чуў), спявае:

Но не позабыть тех дорог,

Нет, не позабыть тех тревог,

Мужества урок, что той страной нам был дан!

Не забудем мы тебя,

В памяти всегда храня,

Близкий и чужой, нищий, но родной Афганистан!

«Ваша память — наша совесть». – віншуе афганцаў пракурор раёну. «Ваше нерушимое братство является настоящим примером в деле патриотического воспитания молодежи», – піша губернатар вобласці ў сваім віншаванні.

Гэтыя ж людзі бураць помнікі паўстанцам Каліноўскага, і праз 160 год выкарчоўваюць памяць пра яго самога і герояў-паўстанцаў, караюць тых, хто лічыць іх героямі.

А менавіта на тым паўстанні і трэба выхоўваць — ваяваць трэба тады, калі нехта прыходзіць у твой дом і ўсталёўвае там свае парадкі. Гэта і ёсць узор беларускага пацыфізму. Каліноўскі не клікаў людзей ваяваць супраць якутаў або карэнных народаў Амазоніі. 

Сястра маёй бабулі расказвала, што яшчэ да вайны каля іхняга хутара паміж Стоўбцамі і Івянцом была магіла Невядомага салдата. Казалі, што гэта паўстанец 1863 года. А ў вайну там пахавалі савецкага партызана. Ён доўга ляжаў у доме дзядоў, мая прабабка лячыла яго зёлкамі, але не выхадзіла. Прадзед Антон (ветэран І сусветнай) зрабіў яму труну. І гэтага партызана пахавалі каля магілы тых паўстанцаў.

Гэта быў вялікі курган, там было мо з 5 чалавек пахаваных. Мая бабуля з сёстрамі даглядалі яго, калі былі маладымі дзеўкамі. Іх ніхто не прымушаў, яны самі натуральна ведалі, хто іх героі. І стасунак да савецкага партызана ў іх быў вельмі людскі, бо і прадзед жа быў у чужым войску, ведаў што гэта такое. Але самі яны ўшаноўвалі герояў за сваю зямлю.

Толькі сёння я нават баюся казаць, дзе стаіць той крыж. Бо людзі, якія кічацца «совестью» і кажуць пра «долг», знясуць яго бульдозерам.