Карбалевіч: «Без удзелу Лукашэнкі цяжка ўявіць пагадненне аб міры»

Ці скончыцца вайна у 2026-м, што можа змяніць стасункі ЕС з беларускім рэжымам і ці стане сёлета жыццё ў краіне вальнейшым? Прагноз ад палітычнага аглядальніка Радыё Свабода.

— Верагоднасць замірэння ва Украіне даволі вялікая, — адзначае на Радыё Свабода Валер Карбалевіч. — Знясіленне, стома назіраецца ва ўсіх. Грамадская думка і ў Расіі, ў Еўропе, і ва Украіне арыентаваная на тое, што трэба ісці да нейкага заканчэння вайны, бо ёсць мяжа цярпення ва ўсіх грамадствах. Гэта кажуць сацыялагічныя даследаванні нават у Расіі.

Што тычыцца Беларусі, то тут, упэўнены аналітык, у заканчэнні вайны зацікаўленыя ўсе — і беларускае грамадства, і беларуская ўлада, і беларуская апазіцыя.

— Думаю, што Лукашэнка таксама хацеў бы заканчэння вайны, бо верагоднасць уцягвання Беларусі ў вайну застаецца, а гэтага ніхто ў Беларусі не хоча. У рэшце рэшт вобраз Лукашэнкі як абаронца беларусаў ад вайны, як гаранта міру на гэтым тле таксама будзе блякнуць, — адзначае Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Аналітык таксама паразважаў пра тое, што можа паўплываць на адносіны паміж Лукашэнкам і Еўропай і ці зменяцца яны, як гэта сталася з США.

— Я не бачу перспектыў збліжэння. Іншае пытанне, што тут могуць здарыцца падзеі больш глабальныя, якія моцна паўплываюць на адносіны Беларусі з Захадам. Я маю на ўвазе дамову аб міры на Украіне, — адзначае Валер Карбалевіч. — Без удзелу Беларусі гэтае пытанне цяжка вырашыць. Бо калі будзе прынятае пагадненне пра дэмілітарызаваную зону па лініі размежавання войскаў, то адразу ўзнікне пытанне пра мяжу Украіны з Беларуссю.

Расія можа вывесці войскі з Данбасу і адразу перакінуць іх на мяжу Украіны з Беларуссю. І атрымаецца, што фармальна пагадненне выкананае, а ў рэальнасці пагроза не знікла. Таму без абмежавання расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі наўрад ці магчымае нейкае паўнавартаснае пагадненне. І без удзелу Лукашэнкі цяжка ўявіць такое пагадненне.

Другі момант, на які звяртае ўвагу аналітык: Расія ўвязвае пагадненне аб міры са зняццем санкцый.

— І ўявіце сабе, што адносна Расіі санкцыі здымаюцца, а як адносна Беларусі? — задаецца пытаннем эксперт. — То бок усе гэтыя чыннікі, незалежна ад адносін, паўстануць і будуць дыктаваць свой парадак дня. І калі на нейкі такі вялікі саміт па заключэнні міру прыедуць розныя кіраўнікі дзяржаў, і Лукашэнка там з’явіцца — што з ім рабіць? Паціскаць яму руку ці не паціскаць? Гэта такое палітыка-дыпламатычнае пытанне.

А вось што тычыцца рэпрэсій у краіне, то тут аналітык не прагназуе асаблівых змен.

— На жаль, не думаю, што год будзе вальнейшым. Выступ Аляксандра Лукашэнкі на «Усебеларускім народным сходзе» паказаў, што Лукашэнка працягвае жыць 2020 годам. Няма ніякіх прыкмет прыпынення рэпрэсій. Так, Лукашэнка гатовы таргавацца, гатовы вызваляць і выштурхоўваць за мяжу палітзняволеных. На гэта ён здольны пры ўмове, што будуць зменшаныя санкцыі. Але не больш за тое.

Пры гэтым Валер Карбалевіч звяртае ўвагу, што да сістэмных перамен Лукашэнку не штурхае Вашынгтон:

— Калі глядзець на пазіцыю ЗША, то там няма патрабаванняў сістэмнай лібералізацыі. Больш за тое, беларускія ўлады ставяць умовы. У апошнім выступе старшыня КДБ Іван Церцель заявіў, што адна з умоў нармалізацыі адносін Беларусі з суседзямі — каб суседзі спынілі падтрымку апазіцыі. І тое, што офіс Ціханоўскай нібыта плануе пераехаць з Вільні ў Варшаву, мне падаецца, таксама шмат пра што кажа. Таму я не бачу пакуль перспектыў да сістэмнай лібералізацыі ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(12)