Махоўскі: Трамп не казаў, што яму патрэбны беларускі калій

Эканаміст тлумачыць, ці вырашыць зняцце ЗША санкцый з калійнага сектара праблемы беларускай эканомікі.

«Калій для Беларусі — гэта не нафта для Расіі»

— Калі адкрыецца дарога транзіту для беларускага калія — гэта будзе важна і дакладна прынясе Беларусі значна больш грошай, — кажа Андрэй Махоўскі ў эфіры Еўрарадыё. — Але калій для Беларусі — гэта не нафта для Расіі, ён не вырашыць усе праблемы беларускай эканомікі, але дапаможа выправіць гандлёвы баланс і зарабіць у бюджэт.

Андрэй Махоўскі

Пры ўмове, што маршрут для калія будзе адкрыты, яго ёсць куды прадаваць — напрыклад, у Бразілію і Індыю. А вось ідэя, што ўсё гэта задумана (зняцце ЗША санкцый з калія — С.) дзеля таго, каб прадаваць беларускі калій у ЗША замест канадскага, з'явілася ў беларускім асяроддзі і толькі ў ім абмяркоўваецца.

Я не бачыў заяваў ад амерыканскіх афіцыйных асобаў або ананімных, якія блізкія да афіцыйных. Ніхто не кажа, што збіраецца купляць калій у Беларусі. Гэта абмяркоўваецца ў нашым асяроддзі і часткова ў літоўскім. Трамп не казаў, што яму патрэбны наш калій. Калі так, ЗША б, напэўна, пачалі ціснуць на Літву, але пакуль не ціснуць.

«Нават калі нам зараз адкрыецца Еўразвяз, у нас усё роўна не будуць купляць беларускія трактары»

Таксама эканаміст пракаментаваў сітуацыю з ростам складскіх запасаў. Найбольшыя запасы зараз у Мінску і Мінскай вобласці. У Мінску — на 2,47 мільярды рублёў, у Мінскай вобласці — на 2,73 мільярды.

— Калі я раней казаў, што з продажамі і вытворчасцю ўсё дрэнна, я нават не ўяўляў, наколькі дрэнна. Сітуацыя значна горшая, чым я думаў.

Напрыклад, Мінскі трактарны завод. Паводле плана ён павінен быў вырабіць каля 32 тысяч трактароў і прадаць 28 тысяч. Фактычна ж прадаў толькі 17 тысяч.

Або іншы прыклад: планавалася выпусціць тры мільёны тэлевізараў, а вырабілі толькі два мільёны.

Калі браць агулам па краіне — запасы складаюць ужо 83% ад месячнай вытворчасці. То бок іх неяк прадаць трэба будзе.

Гэта вельмі шмат. Болей, чым было ў 2020 годзе падчас каранавіруса, калі міравая эканоміка стаяла.  Але тады быў спадзеў, што вірус скончыцца і мы ўсе прададзім.

Зараз такога варыянта, пакуль застаюцца санкцыі, няма. Куды мы прададзім? Нават калі здымуць, то трэба заўважыць, што асноўныя запасы ў Мінску і Мінскай вобласці, то бок там, дзе размешчана большая частка гігантаў прамысловасці.

Машыны і трактары мы прадаем у Расіі, а там па прагнозах на працягу трох гадоў будзе стагнацыя. Нават калі нам зараз адкрыецца Еўразвяз, у нас усё роўна не будуць купляць беларускія трактары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)