Калі бачыш ад розных тэатраў пастаноўкі пра рэпрэсіі і здушэнне пратэсту, то канцэнтрацыя траўматычных успамінаў стварае фальшывую ўстаноўку, быццам беларускі тэатр нічога большага за гэта сказаць не можа. Але ж гэта не так! І самі рэжысёры гэта зразумелі, мне падаецца, таму шукаюць іншыя падыходы.
Настасся Панкратава: «Адчула цішыню, якая звінела ў залі. Свет раптам перастаў быць чорна-белым»
Да Міжнароднага дня тэатра расказваем, што адбываецца цяпер на беларускай сцэне. І не толькі ўнутры краіны. Тэатральны крытык Настасся Панкратава ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра рэжым выжывання і вострыя тэмы, як беларусы ўзбагачаюць культуру розных краін і ці можна «сшыць» творчую супольнасць.
Гэта другая частка вялікай гутаркі пра тое, чым жыве беларускі тэатр сёння па абодва бакі мяжы, і якой бачыцца ягоная будучыня. Пачатак чытайце тут.
«Любоў гледача — тое, што натхняе»
— Ці атрымліваецца адсочваць тэатр унутры Беларусі сёння — і ці гэта цікава? Альбо там засталіся адны толькі «вайна і немцы» ды руская класіка?
— Канешне, цікава. Бо тое, што навідавоку, на паверхні — бачаць усе, як тую рускую класіку, як працяг рэпрэсій у сферы. Але важна зразумець тэндэнцыі.
Так, улетку 2025 года ў Акадэміі мастацтваў раптоўна знік тэатральны факультэт, замест яго з’явіўся факультэт кіно, тэатра і тэлебачання. А па беларускай чыноўніцкай завядзёнцы што самае важнае, тое і стаіць першым у назве — і гэта пацвярджае рыторыка тых жа чыноўнікаў.
З іншага боку, калі мы пра такія падзеі гаворым, то ідзе інфармацыйны ўплыў і на тое, што адбываецца ў Беларусі. Да прыкладу, дырэктарка Тэатра беларускай драматургіі агучвала планы, што хоча паставіць спектакль паводле Z-дзеяча Прылепіна. І ў тым ліку розгалас за мяжой, на мой погляд, паспрыяў, што гэты спектакль на сёння яшчэ не з’явіўся.
Сярод іншых цікавостак Настасся Панкратава называе ўвагу блогераў да тэатру. І гэта не тое каб кепска. Блогеры прыцягваюць увагу публікі, тэатры гэта разумеюць і запрашаюць іх, нават дазваляюць карыстацца тэлефонамі на спектаклях. Натуральна, гаворка не пра глыбіню, а пра прыгажосць карцінкі. Аднак калі тое ідзе на карысць тэатру, і спрыяе попыту на квіткі, гэта добрая знаходка.
— Цяпер збіраюцца аўтобусы адмыслова, каб паехаць у той жа Магілёў, паглядзець выдатны спектакль Ігара Казакова, — зазначае наша суразмоўніца, — і што цешыць: арганізуе не прафсаюз, не калегі па цэху, а звычайныя гледачы аб’ядноўваюцца.
І гэта на фоне таго, што сёння ў Беларусі збольшага не ідуць нейкія творчыя пошукі, эксперыменты — уключаны рэжым выжывання, захавання. У такіх умовах любоў гледача — тое, што варта ўвагі і што натхняе.
— Калі казаць пра беларускі тэатр па-за межамі краіны — нярэдка яго ўпікалі, што зашмат рэфлексуе на тэму 2020-га, ад якой беларускаму гледачу занадта балюча, а замежнаму — ужо не надта цікава…
— Я і сама была з тых, хто казаў: немагчыма глядзець пастаянна пра адно і тое ж. Праблема не ў самой тэме, а ў тым, што спектаклі ў розных рэжысёраў атрымліваліся досыць падобнымі, факусаваліся на аднолькавых рэчах. А чалавек не можа пастаянна жыць у стрэсавай сітуацыі.
Ды зноў жа, 2026 год, у нас узнікаюць новыя праблемы, мы шукаем, як далей жыць.
Мне вельмі падабаецца, як узняў гэтую тэму «BY Тэатр», праект Андрэя Новіка ў Польшчы. Яны зрабілі пастаноўку «Бежанцы 1915», рэтраспектыва стогадовай даўніны паказвае, што наш досвед не ўнікальны, такое ўжо было.
Летась, пры ўсёй стомленасці ад гэтай тэмы, мяне вельмі захапіў спектакль «Цесля», пастаноўшчыкі якога знайшлі новыю кропку: падзеленыя сем’і і гісторыя маленькага чалавека, які спрабуе ўпісацца ў новыя межы…
Абодва гэтыя прыклады — тое дарагое, чым нашыя тэатры могуць ганарыцца.
«Нагадваць пра тое, хто мы»
— Гэта ў бягучым часе. А калі паспрабаваць адным вокам зазірнуць у будучы: куды рухаецца беларускі тэатр? І ці не атрымаецца так, што гэтыя дзве плыні: тэатр унутры краіны і тэатр па-за межамі — разыйдуцца зусім, як паралельныя сусветы?
— Асабіста я вельмі не хачу, каб так сталася. І ў тым ліку мая кніга (Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015-2025 — тая нітка з іголкай, скобка, каб з’яднаць гэтыя два бакі. Тэатр і ягоныя людзі заўсёды былі агульнай суполкай. Так, мы маглі не любіць адно аднаго, раўнаваць у прафесійным сэнсе, але займаліся адзінай справай. І нам нельга разыходзіцца, трэба памятаць адно аднаго.
І калі тэатру ўнутры краіны цяпер трэба ўспамінаць ці вучыцца наноў эзопавай мове, каб размаўляць з гледачом, то тэатр за мяжой — гэта наш агульны голас, каб кантактаваць з заходнімі краінамі, з калегамі і публікай.
Каб на Захадзе памяталі, што беларусы — гэта не толькі эмігранты, якім патрэбная дапамога, але і носьбіты вельмі якаснай школы тэатральнага мастацтва, якія могуць узбагаціць тэатры іншых краін. Дапамагчы зразумець краінам, дзе мы — нас, а нам — знайсці паразуменне з імі.
Таму нашыя калектывы ў замежжы вельмі важныя. Бачу, як самі творчыя людзі пачынаюць гаварыць: будучыня — за ўваходжаннем у прафесійную супольнасць іншых краін.
Так, Уладзімір Ушакоў (былы СХТ) знаходзіцца ў Фінляндыі, дзе вучыць мову і супрацоўнічае з фінскімі рэжысёрамі, мастакамі і кампазітарамі, ужо нават уваходзіць у мясцовы творчы прафсаюз. І гэта вельмі файна: не «дапамажыце нам, гаротным беларусам», а «паглядзіце, як мы можам разам».
А адкрыццём мінулага года для мяне было, калі трапіла на тутэйшы тэатральны фестываль SIRENOS — ён міжнародны, то-бок, на ім і мясцовая публіка, і замежныя крытыкі — і ўбачыла там спектакль Ігара Шугалеева і Агнеты Лісічкінайте Clap&Slap. Гэта пастаноўка, у якой быў скарыстаны сінтэз і пластыкі, і спеваў, і размоў, распавядае пра напружанасць, што ўзнікла паміж Літвой і Беларуссю пасля 2022 года.
Дзякуючы перформерцы Лісічкінайтэ яны атрымалі фінансаванне міністэрства культуры Літвы. І гэта прыклад таго, як беларускае мастацтва можа не растварацца, а судзейнічаць з іншымі. Хоць абраная тэма вельмі складаная.
Агнета ведала беларускага актора шмат год, яна сама падчас нашых пратэстаў выходзіла з плакатамі «Спыніце гвалт!» да пасольства РБ. Але пачынаецца вайна, Беларусь выступае саўдзельніцай расіскай агрэсіі — і паўстае пытанне: адмовіцца працаваць з усімі рускамоўнымі творцамі, ці тут мусяць быць выключэнні? Хто ёй сёння Ігар Шугалееў — сябра ці вораг?..
Я адчула цішыню, якая звінела ў залі. Бо для гэтай публікі свет раптам перастаў быць чорна-белым, а стаў значна больш складаным.
І будучыня беларускага тэатру, на мой погляд, менавіта ў гэтым — нагадваць пра тое, хто мы.
Ведаю, кажуць пра Мікіту Ільінчыка, які ставіць спектаклі ў Польшчы: ён працуе з тамтэйшымі акцёрамі, у польскіх тэатрах, з п’есамі не наўпрост пра Беларусь — ці можна яго лічыць беларускім рэжысёрам? А чаму не?
Бо нават тое, што ён скажа ў інтэрв’ю, я — беларус, падкрэсліць нашую самасць, каштоўнасць. І тое, што мы можам даць іншым культурам даць нейкую разынку, якая дапаможа ім зрабіць сваё мастацтва больш аб’ёмным.
«Не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат»
— Калі ўжо зачапіліся за канкрэтныя імёны — у якасці парады беларускім (і не толькі) гледачам у заходніх краінах, за якімі «сваімі» тэатральнымі праектамі варта сачыць?
— Ох, складанае пытанне. На мой погляд, трэба ў прынцыпе не забывацца, што беларускі тэатр — жыве, што ў нас ёсць класныя калектывы. Трэба абнаўляць афішу.
Гэта ў Беларусі можна сабраць прэс-канферэнцыю ў жніўні і распавесці: мы плануем на гэты сезон тое і гэта.
За мяжой беларусы жывуць у праектным тэатры, і з’яўленне спектакляў залежыць ад таго, ці змогуць яны знайсці фінансаванне. Таму некаторыя з іх узнікаюць даволі нечакана, мы не чуем пра іх загадзя.
Мы ўжо казалі пра Мікіту Ільінчыка: тое, што ён ставіць, цікава, гэта погляд сучаснага рэжысёра, як па-новаму паказаць старыя праблемы. У оперным свеце варта сачыць і за Вольгай Паляковай, і за Іллём Сільчуковым, за іншымі творцамі, якія прыходзяць у сферу тэатру. Уладзімір Шчэрбань у Лондане, Мікалай Халезін, які заўсёды нешта прыдумляе і выдае новае.
У Ізраілю — Дом Чорнай савы Ганны Хітрык, якая не патанула ў праблемах міграцыі, здароўя і шмат чаго яшчэ, а вярнулася да «каранёў» (яна лялечніца паводле дыплому) і робіць сіламі сваёй творчай сям’і тое, што любіць і ўмее. Прычым робіць класна, без аніякіх зніжак на эмігранцкі бэкграўнд. Па відэа я бачу, што гэта прафесійная праца, і яны пачынаюць удзельнічаць у фестывалях.
А тэатр, які знаходзіцца ў Таронта! Акцёр сталічнага Тэатра Лялек Вячаслаў Ясаў, які з’ехаў з Беларусі ў 2008 годзе, расказваў, што тады на трохмільённы горад не было ніводнага тэатра лялек. А прыехалі беларусы — і стварылі паўнавартасную лялечную прастору. Тэатр, які збірае залі, стварыў некалькі дзясяткаў спектакляў для розных узростаў, і летась намінаваўся на тэатральную прэмію Канады.
Гэта толькі невялікая частка тых, за кім варта сачыць і пра каго мы павінны ведаць — імёнаў нашмат больш, безумоўна. І яны вельмі натхняюць. Я перакананая, што нам не трэба засяроджвацца толькі на болю, якога шмат — але трэба глядзець у будучыню і што мы можам для яе зрабіць.
— Але ж гэтыя планы не адмяняюць бягучага стану няпэўнасці і няведання, ці вернецца кожны з нас на радзіму і калі. Калі б дзесяць год таму сказалі, што давядзецца быць тэатральным крытыкам у часы крызісаў і войнаў, калі свету не да культуры — не ўзнікла б жадання, умоўна, сказаць: ну вас усіх, пайду лепш у ІТ?
— Ну ў прафесіі-то я нашмат болей за дзесяць год, — усміхаецца Настасся, — і мушу раскрыць сакрэт Палішынэля: ніводны беларускі крытык не зарабляе грошы сваёй прафесіяй. Гэта пачалося яшчэ да ўсіх нашых эміграцый, таму што культура ў Беларусі ўвогуле ацэньваецца вельмі нізка.
Аднойчы, помню, прыйшло мне запрашэнне на тэатральны фестываль у Баку. Пражыванне там забяспечвалі арганізатары, але дабірацца трэба было самастойна. Ну, і я мусіла адказаць, што мой заробак у дзяржгазеце — 198 долараў, а квіток на самалёт каштуе больш.
Асабіста мяне выручае прафесія журналіста, таму я зарабляю ёй. Многія калегі працуюць хто журналістам, хто выкладчыкам ва ўніверсітэце, хто стварае кантэнт на замову. Таму што тэатральныя крытыкі таксама людзі, якім таксама трэба выхоўваць дзяцей. Як, уласна, і беларускія акцёры і іншыя людзі тэатру ў эміграцыі: мы ведаем, што яны і на будоўлі, і ў таксоўках, і дзе толькі могуць.
Пайсці ў ІТ многія былі б не супраць — але дзеля таго, каб зарабіць грошай і ўкласці іх у сваю прафесію. Мяне цешыць, калі магу даць нейкія карысныя падказкі, заўвагі (крытык — гэта ж не заўсёды пра негатыў), куды лепш развівацца.
Гэта як у Netflix ёсць фокус-група, якая адсочвае рэйтынгі і бачыць тэндэнцыі, так тэатральныя крытыкі — тыя, хто дапамагае творцам разумець, куды рухацца, а публіцы — улюбіцца ў тэатр, успрымаць яго не толькі як баўленне часу, а як псіхолага, люстэрка, суразмоўцу і аднадумца ў адным флаконе. Дзеля гэтага я і застаюся ў прафесіі, якая часта бывае няўдзячнай, але, на мой погляд, застаецца вельмі патрэбнай.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное