Фотафакт. Завершаныя будаўнічыя працы па ўзвядзенні будынка «Нацыянальнага музея Беларусі»

Менавіта такую назву на беларускай мове атрымаў музей.

Слова «гістарычны» прыбралі па «прапанове» Лукашэнкі, які прыязджаў у красавіку кантраляваць будаўніцтва. Цяпер у музея новая канцэпцыя: адлюстраваць не толькі даўнія гістарычныя эпохі, але таксама «сучаснасць і перспектывы развіцця дзяржавы».

Добраўпарадкаваная прылеглая да музея тэрыторыя і парк Народнага адзінства, а таксама пабудаваны падземны пераход праз вул. Арлоўскую, які злучае музей і Плошчу Дзяржаўнага сцяга. Мінскбуд паведаміў, што праект рэалізаваны за 17 месяцаў, замест запланаваных 27.

Будынак музея мае абрысы карты Беларусі. Экспазіцыя музея размесціцца ў дванаццаці выставачных залах. Цяпер у будынку працуюць спецыялісты Мастацкага камбіната. Яны афармляюць залы і напаўняюць іх экспанатамі.

Блізка падысці да будынка пакуль немагчыма, агароджу з дроту не прыбралі, таму ўстаноўленыя на галоўным фасадзе шэсць барэльефаў пакуль разгледзець складана.

Злева ўстаноўлены барэльефы: «Дадзяржаўны перыяд», «Старажытная Русь», «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае». Справа – «Расійская імперыя», «Савецкая Беларусь», «Рэспубліка Беларусь».