«Галоўнае ў нашай справе — паверыць у сябе, у тое, што я, проста звычайная Ганна, магу спрабаваць і не баяцца»

Як паліцэйскі 9 жніўня перакрыў вуліцу для нашых суайчыннікаў, што рабіла ў доме мэра Нью-Ёрка і пра ператварэнне беларусаў з аб’екту ў суб’ект, распавяла «Салідарнасці» сакратарка Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (АВА) і стваральніца суполкі «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» Ганна Шарко.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

Напачатку лета цяперашнія ўлады Беларусі запісалі ABA і яе чальцоў ў «экстрэмісты». Ажно другі раз. Ганна ўзгадвае, што ўпершыню гэта здарылася ў 2024-м, калі яна толькі стала прэзідэнткай асацыяцыі (пасля сканчэння тэрміну яе абралі сакратаркай арганізацыі). 

Ганна родам з Глыбокага, то немажліва абмінуць тэму згушчонкі. Цудоўная паэтка Наста Кудасава з Рагачова ў размове з намі настойвала: «Наша рагачоўская згушчонка самая найлепшая ў свеце! Гэта як каханне: ты папросту любіш сваё і ўсё». У каментарах некалькі дзён напаўжартам сварыліся, якая ж смачнейшая.

—Для мяне наша глыбоцкая згушчонка – гэта асаблівы смак дзяцінства, - кажа Ганна. – Нават ва ўніверсітэце жартавала: «Калі вы адчыняеце халадзільнік, і там няма глыбоцкай згушчонкі, значыцца, гэта не мой халадзільнік!»

У Глыбокім шмат хто са знаёмых сям’і працаваў на заводзе, дзе на святы заўсёды выдавалі  згушчонку. Згушчонка лілася ў нас ракой! Шматпавярховы дом, у якім я жыла, пабудавалі першым каля кансервавага завода. Таму я не толькі спрабавала згушчонку на смак, але амаль бачыла ў вакно, як яе вырабляюць.

Нічога дрэннага не буду казаць пра рагачоўскую, бо ў мяне вельмі блізкія сябры з Рагачова. Але для мяне Глыбоцкая – ідэальная! Спрабавала розныя, і ў Амерыцы, у іншых месцах, яны таксама годныя. Але глыбоцкая — one love! 

У Глыбоцкім музеі знаходзіцца артыкул Ганны-школьніцы пра знакамітага мясцовага каваля Аляксандра Дубіна. Ён яшчэ маладым распрацаваў першы лагатып  Глыбоцкага камбіната і той самай згушчонкі. 

Ганна кажа, што можна бясконца назіраць як гарыць агонь, цячэ вада і беларусы сварацца наконт згушчонкі. Таму яна дамовілася з рагачоўскімі сябрамі ніколі не падымаць гэтую тэму.

Пасля чатырох гадоў навучання на юрфаку БДУ ў 2013-м Ганна з’ехала ў ЗША. А ў «Юрыдычнай газеце» выйшаў артыкул пра тое, што думаюць будучыя выпускнікі юрфака БДУ наконт планаванай рэформы судовай сістэмы. 

—Я пісала калісьці аднаму са сваіх выкладчыкаў эсэ на гэтую тэму, і ён яго апублікаваў.  Выкладчыка звольнілі, а я вырашыла застацца ў ЗША.

Калісьці яшчэ студэнткай пабыла за мяжой, і прыехаўшы дадому, падумала: «А чаму мы так дрэнна жывем?» Маё жаданне патрапіць на юрфак было вельмі наіўным мысленнем, што адвучыўшыся, я стану тым экспертам і чалавекам, які будзе нешта значна змяняць у Беларусі.

Максімалізм вельмі хутка знік, асабліва пасля таго, як я пайшла на практыку ў глыбоцкі суд і пракуратуру. Памятаю выраз, які мне доўгі час еў галаву. Мне сказалі: «Закон законам, але пракурор як скажа, так і будзе». Адразу адчула сябе фантазёркай. 

Пабачыла, наколькі гнілая нашая сістэма ў гэтым маленькім свеце, які быў пабудаваны на юрфаку. Пабачыла карумпаванасць мазгоў, наколькі студэнтаў трымалі як грыбы ў цені і ў вільготнасці. 

Ганна, якая хадзіла ў беларускамоўныя садок і школу, на першым курсе юрфака, калі законы трэба было прыносіць на заняткі, друкавала іх толькі па-беларуску.

Маленькі ўнутраны пратэст, але, кажа Ганна, сістэма працуе, яна цябе перамолвае. Так яна авалодала расейскай. Бо спадзявалася, што патрапіць у беларускі суд і зможа змяняць несправядлівасць.

Аднак тое, што Ганна паспела пабачыць у судовай сістэме Беларусі, яна згадвае як фарс і абсалютны тэатр. Тады пра якую прававую дзяржаву размова?

У 2014-м у ЗША Ганна з мужам заснавалі ў фэйсбуку суполку «Беларусы ЗША. Разам лягчэй». Зараз там амаль 26 тысяч сяброў. 

— Мы прыехалі ў Штаты з маім хлопцам, ажаніліся. Дапамогі ніякай не было, але вельмі хацелі рабіць нешта сваё, мець беларускую суполку, бачыла як гэта робяць украінцы, габрэі. 

На першую імпрэзу, якую я правяла на Манхэтэне, не ведаючы нават і 20 беларусаў, праз анлайн аб’яўкі прыйшло больш за 100 чалавек. Пасля супольнасць пашыралася і пашыралася. Мы рабілі культурныя канцэрты, у нас былі вечарыны «Дзед-Барадзед-паці», кватэрнікі. Шкрэбла па інтэрнэце беларускія песні, з Тузіна Гітоў даставала музыку.

Торт з дранікаў на святочнай імпрэзе

На гадавіну Дзеда-Барадзеда спраўдзілася мая мара, і да нас прыехаў Лявон Вольскі. Бо я ўзяла і напісала яму. Ніколі не думала на гэтым зарабляць, добра, калі атрымліваецца вяртаць праз квіткі тое, што ўклалі. Дамовіліся з беларусамі Чыкага і Вашынгтона, каб і там зладзіць яму канцэрты. Атрымаўся такі невялічкі тур на усходнім узбярэжжы ЗША.

Ладзілі і пікнікі, і заезд на ровары на 100-годдзе БНР, узнялі наш нацыянальны сцяг на гістарычным слупе ў Даунтаўне Манхэтану. Менавіта на тым слупе ўздымалі свой сцяг войскі Джорджа Вашынгтона, калі брытанцы пакінулі Штаты. Там і па сённяшні дзень вісіць рэпліка першага амерыканскага сцягу з 13 зоркамі.

Ганна зразумела, што не вернецца ў Беларусь, калі пачаліся перамовы Беларусі і Расіі пра дарожныя мапы ў 2019-м. Яна была адна з удзельнікаў мітынгу ў Нью-Ёрку, прыйшло усяго каля 20 чалавек. 

— Я плакала як дзіцёнак, так было крыўдна: беларусы прыходзяць на вечарыны, але чаму ж не на такія важныя мерапрыемствы? Паказаць свой голас, што мы не згодны быць часткай Расеі.

Я адчувала, што мы губляем сваю краіну ўсё больш. У мяне тады на паўторы стаяла песня «У мене немає дому» украінскага гурта «Адзін у каноэ». Пасля не тое, каб апусціліся рукі, але зрабіла перапынак, хоць усё роўна рабіла невялічкія беларускія праекты, падтрымлівала, але не ўключалася ў палітычную павестку, бо не бачыла падтрымкі і зацікаўленасці.

Але 2020-ы змяніў усё. Першыя два мітынгі ў чэрвені прайшлі без мяне. Я пабачыла фотаздымкі акцый маўклівых ланцужкоў каля штаб-кватэры ААН, куды прыходзіла ўжо значная колькасць беларусаў.  І я такая: «Ого! Людзям, нарэшце, стала неабыякава». 

Беларусам сталі цікавыя пытанні свабоды. Прыйшло разуменне, што трэба пераходзіць ад аб’екту да суб’екту, вырашаць самім за сябе. І я ўскочыла ў гэты цягнік 2020-га.

Я ўжо мела шмат знаёмых праз беларускую групу фэйсбука, па ўсім штатах. Да таго ж мы з мужам шмат падарожнічалі па Амерыцы ў 2017-2018 гадах і паўсюль імкнуліся сустрэцца з беларусамі. 

А ў 2020-м ужо гэтыя беларусы з розных куткоў Амерыкі пісалі мне: «Ганна, мы такі праект маем, нам патрэбныя валанцёры!» Ці, наадварот, што хочуць быць валанцёрамі, і «хоць куды мяне накіруйце, хачу дапамагаць». Прылятала да 500 паведамленняў.  

Калі ў Беларусі пасля выбараў выключылі інтэрнэт, раптам беларусы Штатаў узгадалі, дзе яшчэ шукаць беларусаў, каб даведацца, што адбываецца дома. З тысячы чалавек, што мы мелі ў групе, за адну ноч падраслі да амаль 5 тысяч.

Я ўжо ведала Надзею Нортан з Сан-Францыска, Жанну Чарняўскую з Чыкага. І мы разам пачалі сачыць дзе, хто і якія імпрэзы робіць. Пісалі, далучалі, стварылі групу «Сазвон неабыякавых». Каардынавалі розныя праекты, дзе і якія зборы грошаў рабіць, каму давяраць, а каму не давяраць, з кім лепш працаваць і як.

І натуральным чынам атрымалася, што трэба ўжо ствараць НДА. Бо ў Штатах, колькі б вас ні было, патрэбная юрыдычная асоб, каб, прыходзячы ў кабінеты Сената, мець адказ на пытанне: «А хто вы і ад каго выступаеце?»

І мы стварылі «Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы» (ABA). 

Ганна не баялася публічнасці, дакладна разумеючы, што гэта азначае падпісаць сабе прысуд, няхай і завочна. Зараз яна ў базе вышуку Расіі і Беларусі.

— Я і так была адмінам групы «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» і рабіла сваю беларускую справу шмат гадоў. Бо і дагэтуль веру, што дапамажы аднаму беларусу – табе вернецца праз іншага. 

У Амерыцы Ганна працавала бартэндэрам, потым пайшла вучыцца, працавала ў мэрыі Нью-Ёрка. Казала сабе: «Божачкі, ушчыкніце мяне, бо я не ўяўляю, як дзяўчынка з Глыбокага ў доме мэра Нью-Ёрка ладзіць імпрэзы». 

Потым, нават калі ўжо не працавала там, то ахова мяне запомніла і, як сустракала, то вітала: «О, Ганна! Рады цябе бачыць!» Я запомнілася, хаця і была тады проста інтэрнам. Пасля мэрыі Нью-Ёрка на маё рэзюмэ ўжо не глядзелі як на рэзюме эмігранткі. 

Каб уладкавацца ў мэрыю, Ганна штодня тэлефанавала куратару, які разглядаў яе кандыдатуру і спачатку сказаў, што занадта кваліфікаваная для інтэрна. Яна не здавалася: «Дайце мне шанец!» Узяла ўпартасцю і жаданнем паспрабаваць. Цяпер яны сябруюць, былы куратар заве Ганну ўжо госцяй на мерапрыемствы, што адбываюцца ў доме цяперашняга мэра. 

Ганна падсілкоўваецца ад людзей, якіх сустракала, арганізоўваючы імпрэзы. Сёння гэта яе беларуска-амерыканская сям’я, дзе адзін аднаго падтрымліваюць і дапамагаюць. 

— Я магу закінуць любы збор, сказаць, што гэта важна, і давайце дапаможам. І гэты збор зачыняецца за пару дзён. Мне падаецца, даражэй за грошы і рэчы, якія мы можам набыць, – гэта людзі, з якімі сустракаемся ў гэтым жыцці.

У мяне ў Амерыцы было ўсяго пару імпрэз, калі я патрапіла, як кажуць, на грошы. Але гэта не тыя сумы, што немагчыма выцягнуць.

Вельмі важна, калі ў эміграцыю прыязджаеш не адзін, а з кімсьці. Я прыехала з партнерам, ён мой муж і спадарожнік па жыцці. Нават калі ты не выходзіш у плюс па квітках на мерапрыемствах, то разумееш, што пазнаёміўся з новымі людзьмі, адкрыў нейкія магчымасці па-за грашыма.

Таму будаваць у Амерыцы беларускую суполку — гэта было маё нешта вельмі патрэбнае. Я не кажу, што нешта аднавіла тут наноў, і да мяне тут былі беларусы, ладзіліся цікавыя сустрэчы. Але я хацела рабіць сваё, як бачу я, а не несці кудысьці свой «самавар». 

Боль і траўма натхняюць мяне рабіць нешта несупыннае. Я – ідэйны чалавек, і веру ў беларускую справу. Усе нашыя амерыканскія суполкі беларусаў і ёсць АВА, мы і ёсць круглы стол, платформа, дзе дамаўляемся і дзелімся сваімі ідэямі, каардынуемся, шукаем шляхі супрацы. Без суполак няма і АBA. 

Што тычыцца нашых спраў, то мы штогод ладзім Купалле і Дзень Волі, Дні салідарнасці з Беларуссю, туры пісьменнікаў і артыстаў, арганізуем гуманітарныя зборы дапамогі, падтрымліваем культурніцка-асветніцкія праекты, адвакатуем за правы беларусаў.

Адным з маіх вельмі памятных праектаў, які мы зрабілі з Надзеяй Нортан, стала інтэрвью са спадаром Вітаўтам Кіпелем (шматгадовым кіраўніком Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША – С.). Гэта было яго апошняе інтэрв’ю. Вельмі ганаруся, што ўдалося яго тады запісаць. Гэты чалавек натхняў мяне раней сваёй працай на карысць дыяспары ў Штатах. Натхняе і сёння тым, што ён пакінуў пасля сябе.  

Вельмі важнае мерапрыемства, на якое патрапіла ў свой час, дзе зачытала ліст ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, – гэта ўзняцце нашага сцяга ў Філадэльфіі на Дзень Волі ў 2022 годзе пад Сіці-Холам. Усё арганізавалі сябры філадэльфійскай суполкі, туды прыехала шмат сяброў АВА. Тады мы ўпершыню пабачыліся і абняліся пасля дзесяткаў анлайн-сазвонаў. Гэта была вельмі важная для беларускай супольнасці імпрэза і адна з аб’яднальных для нашай каманды. 

Бо галоўнае ў нашай агульнай беларускай справе — паверыць у сябе, у тое, што я, проста звычайная Ганна, магу ладзіць мерапрыемствы, канцэрты, спрабаваць і не баяцца. Усё магчыма, не трэба прыніжаць веру ў сябе, таму, што ты эмігрантка з Беларусі. Усё насамрэч наадварот. 

У 2020-м, калі ў Нью-Ёрку беларусы галасавалі за новага прэзідэнта, каля кансулята сабраліся сотні беларусаў, чарга была даўжынёй у дзьве вуліцы. У гэты ж час, мы ладзілі маўклівую акцыю, з плакатамі, каб правільна падлічылі галасы.

Беларускі консул Віктар Чараховіч  падыйшоў да нью-ёркскага паліцэйскага. Мы стаялі праз дарогу і назіралі, апасля падыйшлі да гэтага паліцэйскага. І ён нам распавёў, што гэты чалавек папярэдзіў: тут можа адбыцца несанкцыянаваны мітынг.

Я патлумачыла паліцэйскаму, чаму мы тут, што насамрэч адбываецца, сітуацыю ў Беларусі, паказалі відэа з ланцугоў салідарнасці. І паліцэйскі сказаў: «Добра, калі вас будзе вельмі шмат, я перакрыю для вас вуліцу, каб вам тут было бяспечна».

То бок паліцэйскі стаў на наш бок. Бо ў Нью-Ёрку консул ты ці хто іншы — няма ніякай розніцы. 

Беларусы, прагаласаваўшы, калясілі вакол будынка з кансулятам на машынах, уключалі Перамен, Муры, Тры чарапахі. І тады паліцэйскі перакрыў вуліцу каля беларускага консульства толькі для нас.

У Нью-Ёрку перамагла Ціханоўская, і беларускі кансулят там хутка зачынілі. Застаўся толькі ў Вашынгтоне.

Насамрэч беларуская справа пачалася задоўга да 2020-га, задоўга да 90-х. Наша нацыянальная ідэя — хто мы такія, і чаму павінны існаваць на мапе свету як беларусы. А беларуская справа — што мы робім дзеля гэтага. Ператварэнне беларусаў з аб’екту ў гістарычны суб’ект, тое, што мы, беларусы, маем магчымасць жыць, мець сваю традыцыю і дзяржаву, тэрыторыю. 

Нядаўна была на ўшанаванні памяці знакамітага гісторыка-эмігранта Янкі Запрудніка, бачыла яго нашчадкаў, нашчадкаў Вітаўта Кіпеля. Яны размаўляюць па-беларуску і добра ўсведамляюць, што ў іх таксама ёсць частка нашай агульнай ідэнтычнасці. І што яны, як і мы з вамі, вольныя беларусы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)