«У мяне мурашкі па скуры». Севярынец расказаў пра газавую атаку на Акрэсціна
Палітык і былы палітзняволены Павел Севярынец – пра падзеі ліпеня 2020 года.
– Прачынаюся ў акрэсцінскім карцэры яшчэ да пад’ёма — недзе ў дворыках лямантуюць людзі, – піша Севярынец. – Прыслухваюся — просяцца ў прыбіральню. Відаць, яшчэ з вечара вывелі на этап, а аўтазакі на Жодзіна яшчэ не прыехалі.
Лямант расце, пераходзіць на крыкі.
Пад’ём. Чую, заварушыліся супрацоўнікі, ляніва перабрэхваюцца з людзьмі. Начальства яшчэ не прыехала, ніякіх загадаў няма, таму адказ адзін:
— Терпіте.
Нарэшце, змена. Праверка. Мяне пераводзяць у суседні карцэр — такая ж бетонная скрыня з драўлянай нарай, прышпіленай да сцяны.
А людзей з дворыкаў пачынаюць выводзіць у прыбіральню — у маю камеру. Чую:
— Камандзір, а як змываць? Вады няма!
— А рукі дзе памыць?
— А дзе вада?
— А туалетка хоць ёсць?...
Супрацоўнікі ляскаюць дзвярыма ў калідоры:
— Быстрей давай.
— В темпе там!
Чарга ідзе. Гадзіну. Дзьве. Тры.
Нішто сабе этап, думаю. Палову Акрэсціна вывозяць — мабыць, разгрузка перад «выбарамі».
А за дзвярыма канвой і супрацоўнікі нешта развесяліліся, рагочуць, людзей падганяюць. Нарэшце, перагукаюцца:
— Ну что там, все?
— Все.
— Давай, заводі этого назад!
І тут у мяне мурашкі па скуры. Ё-маё. Ня можа быць.
Дакладна. Адчыняюць карцэр:
— Пошлі назад.
— Вы што, здзекуецеся? Ваду ўключыце хаця б!
— Выходім, сказал!
Так і ёсць. Мяне заводзяць назад — у камеру 2 на 3 метры без вады, дзе толькі што дзясяткі людзей схадзілі ў прыбіральню. Ліпень месяц. Ня буду апісваць, у што там ператварылася «ачко» і які стаіць дух. Дыхаць немагчыма. Рэжа вочы.
Барабаню ў дзверы.
Адчыняюць зноў, заходзяць утраёх.
— Положеніе для обыска прінять!
Рукі на сцяну, стаю, абшукваюць для выгляду (усё адно няма нічога). Выціскаю з сябе:
— Што за здзекі — суседні ж карцэр пусты стаіць! Хаця б вакно адчыніце!
— А что, плохо пахнет?
Здушана пасмейваюцца, але чую, самім цяжка.
— Сейчас будет лучше.
Бакавым зрокам бачу: адзін нешта падае начальніку змены, усе адступаюць у калідор, і «старшой» доўга, з шыпеннем высаджвае ў камеру асвяжальнік паветра. Цэлы балончык. Ляскаюць дзьверы. Рогат.
У камеры натуральны туман — такі, што ня бачна сценаў.
Спаўзаю на падлогу — там трохі паветра. Вачэй не расплюшчыць. Нацягнуў майку на рот і нос. Стрымліваю дыханне. Разумею — калі зараз глыбока ўдыхнуць, можна аддаць канцы.
А за дзвярыма ржуць, відаць, па чарзе заглядваюць у вочка:
— Нічё не відно.
— Он там хоть жівой?
Поўзаў па падлозе пару гадзінаў. Дзякуй Богу, адтуліна вентыляцыі збольшага выцягнула. Але, думаю, павесяліліся ў той дзень таварышы ад душы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное