Вольскі: «Мяне супакойвае, што могуць проста не паспець адкрыць гэты другі фронт»

Вядомы музыка Лявон Вольскі — разважае пра тое, якія змены адбыліся на Беларусі і чаму адчувае небяспеку.

— Цяпер усе стэлефаноўваюцца з кімсьці з Беларусі, і шмат хто гаворыць: «Ды нармальна ў нас усё. Можна зарабляць там і там» —«Дык там жа вырабляюць дроны ці начынне для іх?» — «І што, яны добра зарабляюць». То-бок народ прызвычайваецца да гэтай рэчаіснасці, — разважае Лявон Вольскі на Обычном утре. — Ёсць некаторыя змены.

Для мяне было непрыемна тое, што людзі масава паехалі на ваенныя зборы. Таму, што нават у мой час ад такіх збораў усяляк ухіляліся. А зараз масава ехалі.

Вольскі лічыць, што ў апошнія гады ўлады прыкладаюць шмат намаганняў, каб «выхоўваць паслухмяных людзей».

— Што мае на ўвазе гэтае паслухмянства — не сумнявацца ў загадах, у іх сутнасці. Гэта, напэўна, апірышчы сённяшняга выхавання. Таму, што яно ні на чым не грунтуецца.

Ідэалогіі ў дзяржавы няма, апроч таго, што ў нас ёсць лідар і яго трэба ўсім слухаць. Астатняе — гэта гераізаіцая мінулай вайны, часткова фэйкавая, часткова штосьці прыдуманае альбо сумнеўнае. Але на тыя падзеі вучаць глядзець толькі з аднаго боку і не сумнявацца.

Музыка кажа шчыра, што адчувае небяспеку ад таго, што зараз адбываецца ў нашай краіне.

— На мой погляд, гэта ўсё працэсы небяспечныя. Мне здаецца, беларускае войска не ўступіла ў вайну, калі Расія пайшла з тэрыторыі Беларусі, таму што не было каму ўступаць: войска маленькае, малапрафесійнае. А ўсе некалькі тысячаў прафесіяналаў задзейнічаны ў абароне асобы лідара.

Не было каго пасылаць. А цяпер ёсць жа рэзервісты ў нас. Калі што, іх можна туды кінуць, і іх не шкада.

Калі першая асоба дзяржавы чарговы раз гаворыць, што ніколі нага беларускага салдата не ступіць на ўкраінскую зямлю, то, можа быць, гэтым разам ён і не хлусіць, можа быць, і не для ўкраінскай зямлі разлічана гэтая нага беларускага салдата, пра якую ён гаворыць.

Я, насамрэч, думаю, што гэтымі двума лідарамі рыхтуецца адкрыццё другога фронту, таму што першы фронт правалены цалкам. А адкрыццё другога дасць іншыя магчымасці. Заадно можна праверыць баяздольнасць якой-небудзь краіны НАТА.

Ёсць падстава, што могуць атакаваць краіны Балтыі. Адна з верагодных мэтаў — Сувалкскі калідор.

У нас у Беларусі ўлада — людзі досыць простыя, пра такіх кажуць: хітры, але дурны. Ёсць такое вызначэнне «хітры дурань». Як толькі пачынаецца нейкая рыторыка ў які-небудзь бок, гэта значыць, хутчэй за ўсё да гэтага рыхтуюцца.

Значыць зараз рыхтуюцца да вайны. Але мяне супакойвае, што могуць проста не паспець адкрыць гэты другі фронт. Думаю, што і беларускае кіраўніцтва таксама мае надзею на гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(65)