Цыганкоў: «Стратэгічная задача Лукашэнкі — вярнуць у нейкай ступені «шматвектарнасць» і пры гэтым не дапусціць ніякіх зменаў ва ўнутранай палітыцы»

Аналітык дзеліцца назіраннямі і высновамі з нагоды вызвалення Анджэя Пачобута.

Віталь Цыганкоў, фота: Еўрарадыё
  1. Выглядае, што без умяшаньня ЗША беларуска-польскія перамовы наконт Пачобута, якія так доўга працягваліся і неаднаразова зрываліся (пра што распавёў міністр-каардынатар спецыяльных службаў Польшчы Томаш Сямоняк), маглі б і далей зрывацца — пакуль не ўмяшаліся ЗША.

Заўважце, як заявіла Белта, «адпраўным пунктам да арганізацыі перамоваў паслужыў зварот да Аляксандра Лукашэнкі асобных лідараў дружалюбных нам краін».

І калі Коўл 28 красавіка сустрэўся ў Варшаве з польскімі палітыкамі — стала ясна, што штосьці набліжаецца, і гэта «штосьці» верагодна звязана з Пачобутам. Уцягнутасць Коўла стала пэўнай гарантыяй таго, што на гэты раз не сарвецца.

  1. Афіцыйны Менск не дабіўся таго, чаго жадаў. Любыя перамовы — гэта знаходжанне нечага сярэдняга паміж мінімумам і максімумам, паміж столлю і падлогай.

Пажаданым максімумам для беларускага рэжыму, пра што неаднаразова праз розных людзей намякаў Менск, — каб у Беларусь прыехаў Сікорскі і забраў Пачобута.

То бок, каб адбыўся нейкі візіт польскага высокапастаўленага чыноўніка, пажадана міністра. Гэтага так і не здарылася, палякі на гэта не пайшлі. Гэта было б моцным ударам па ўсіх папярэдніх пазіцыях як і Польшчы, так і Еўразвязу.

  1. У любых размовах з Масквой Лукашэнка прадставіць гэтую здзелку як вялікую дапамогу з яго боку Расеі. «Глядзіце, мы вызвалілі расейскага грамадзяніна, і расейскіх агентаў — вось мы як дзеля вас стараемся». Так што калі нехта ў Расеі будзе наязджаць на Лукашэнку за шуры-муры з Захадам, з Амерыкай, ён адкажа: «Так глядзіце, я ж гэтымі шуры-мурамі на самой справе толькі Расеі дапамагаю. Я ж дзеля Расеі працую».

То бок гэтым ён стварае сабе алібі, што вось супрацоўніцтва (ну ці, скажам, нейкі дыялог) з Захадам на самой справе патрэбны не толькі яму, а ён увесь час не забывае пра інтарэсы Расеі.

  1. Праз пару тыдняў у Беларусь прыедзе Коўл — а гэта азначае, што будуць новыя вызваленні. Зрываў тут пакуль не было. Справа ідзе да вызвалення большасці палітвязняў. Таму Лукашэнка спяшаўся наконт Пачобута, бо не хацеў аддаваць такі козыр «за бясплатна», у агульнай масе. ЦЫТАТА

Пачобут стаяў асобным пунктам, паколькі ён быў патрэбны Польшчы. Таму Лукашэнка рашыў, што паколькі ўсё ідзе да вызвалення большасці палітвязняў, то трэба паспець за гэтага канкрэтнага палітвязня атрымаць як мага больш. Таму здзелка адбылася.

  1. Курс на шуры-муры (ужыву гэта слова, каб не ўжываць больш канкрэтныя словы, якія будуць не дакладнымі і справядліва выклічуць пярэчанні — «нармалізацыя», «дыялог») з Захадам — гэта зараз для Лукашэнкі не выпадковасць, а хутчэй, неабходнасць.

Ён бачыць, што адбываецца ў Расеі і з Расеяй, як гараць расейскія гарады, і, можа, лепш за саміх рускіх разумее, да чаго гэта ўсё ідзе. І рыхтуецца.

Ягоная стратэгічная задача — вярнуць у нейкай ступені «шматвектарнасць» і пры гэтым не дапусціць ніякіх зменаў ва ўнутранай палітыцы. Адпаведна, задачай Захаду павінна быць — любы крок да «дыялога» звязваць менавіта з такімі зменамі, з спыненнем рэпрэсіяў як мінімум.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)