Филин

Юлія Кот

«Гэта не пра вырашэнне праблемы адтоку кадраў. Гэта пра тое, што на бюджэтных пацыентах медыкі будуць набірацца досведу»

Адзін з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў Станіслаў Салавей пракаментаваў Филину прапановы чыноўнікаў па зменах у сферы аховы здароўя.

Днямі правіцель сабраў нараду па ліцэнзаванні розных відаў дзейнасці. Запатрабаваў ад чыноўнікаў «абараніць дзяцей ад прайдзісветаў» у сферы адукацыі — чытай, рэпетытарам варта зноў напружыцца. Абурыўся рэкламай гульнявога бізнесу. Выслухаў планы Дэпартамента аховы МУС зачысціць пад іх рынак дамафонаў. А яшчэ заклапаціўся праблемай адтоку кадраў у медыцыне.

Мінздароўя прапанавала павялічыць стаж працы медработнікаў у дзяржаўнай установе з 3 да 7 год — толькі потым можна сыходзіць у прыватны сектар. Акрамя таго, і для лекараў, і для сярэдняга медперсаналу ў прыватных клініках прапануецца зрабіць абавязковай не менш чым першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Як ні дзіўна, але больш жорсткія патрабаванні ведамства Лукашэнка сходу не падтрымаў. Альбо акурат не дзіўна? Да чаго рыхтавацца сектару, Филин абмеркаваў з намеснікам прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы, адным з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў Станіславам Салаўём.

— У клопат Лукашэнкі пра лекараў верыцца ў апошнюю чаргу. Але, можа быць, гэта клопат пра чальцоў сваёй сям’і і іхні медыцынскі бізнес? Чаго чакаць у сферы аховы здароўя?

— Я лічу, што будзе чарговае «ператрахванне». Аднак трэба разумець: калі ёсць правілы, заўсёды можна зрабіць для кагосьці выключэнне з іх.

З гледзішча чыноўнікаў, больш лагічна не павялічыць мінімальны тэрмін адпрацоўкі ў дзяржаўных установах, а ўзмацніць патрабаванні да катэгорыі. Бо негалосна можна зрабіць патрабаванні больш жорсткімі, «валіць» на іспытах — і ўсё, чалавек будзе працаваць у дзяржсектары, колькі патрэбна.

А хто іншы, наадварот, можа здаць гэтыя іспыты на першую катэгорыю экстэрнам — напрыклад, калі тое вельмі таленавіты сын, спадчыннік прастолу. Умоўна, старэйшы сын Ірыны Абельскай, медык і бізнесоўца, зможа гэта арганізаваць сябрам і калегам.

Разам з тым, звяртае ўвагу Станіслаў Салавей, у ініцыятыве Мінздароўя хапае глупства. Скажам, патрабаванне, каб у прыватных медустановах працавалі лекары і медсёстры першай і вышэйшай катэгорыі — а ў дзяржаўных, выходзіць, хай сабе сядзяць менш адукаваныя лекары, бясплатна і так пойдзе?

І калі працягнуць думку — усталяванне доўгатэрміновага бар’еру (адпрацуй не менш як 7 год), гэта не пра вырашэнне праблемы адтоку кадраў. Гэта пра тое, што на бюджэтных пацыентах медыкі будуць набірацца досведу, а тых, у каго ёсць грошы, будуць у прыватнай практыцы лекаваць прафесіяналы. Што-што там пра сацыяльную справядлівасць?

На здымку: прыватная клініка «Мерсі», звязаная са старэйшым сынам правіцеля Віктарам Лукашэнкам, сталася бенефецыярам пасля «справы артапедаў»

Усё вынікае з таго, што айчынная сістэма адукацыі адсталая на не скажу нават колькі. Рэзідэнтура, паслядыпломная падрыхтоўка лекара-гінеколага ці хірурга, эндакрынолага ў Польшчы — 5-6 гадоў. А ў Беларусі — усяго год.

Фармулёўкі пра маладога спецыяліста, якому дадуць настаўніка і ўсяму навучаць, не адпавядаюць рэчаіснасці. Гэта толькі спроба адцягнуць правал у медыцыне і ўсядзець адначасова на трох крэслах. Каб забяспечыць і больш лекараў у дзяржаўных установах, і грошай зарабіць, і навучанне зрабіць лепшым, каб аказвалася якасная медычная дапамога.

Прапанова пра 7 год адпрацоўкі медыкаў на дзяржаву, мяркуе Станіслаў Салавей, паказвае: чыноўнікі не глядзяць далей уласнага носу: «Задача пражыць год, а далей — ужо не мне справаздачыцца».

— Вось павялічылі тэрмін абавязковага размеркавання для мэтавікоў да 5 год. Цяпер хочуць увесці не менш як 7 год працы ў дзяржустановах. І што вы думаеце, пасля гэтага чалавек нікуды не сыйдзе? Гэта проста запаволіць паток на нейкі час, але хутка ён вернецца да звыклых лічбаў.

Пры тым сама па сабе ідэя ліцэнзавання — яна класная. Не павінна быць шпіталёў, куды дастаўляюць чалавека з ЧМТ, а там няма нейрахірургаў. Шпіталь ці паліклініка мусяць мець усё, каб аказваць задэклараваныя паслугі — і калі тыя ж нейрахірургі раптам звольніліся, трэба адклікаць ліцэнзію на нейрахірургію.

Аднак калі ліцэнзаванне ўводзіцца проста дзеля таго, каб імітаваць дзейнасць, а пад шумок павялічыць тэрмін адпрацоўкі — што гэта вырашае? Нічога.

— Як паведамляецца, да пачатку 2027 года ініцыятыву Мінздароўя адправілі на дапрацоўку. Лукашэнка даручыў разабрацца, «ці роўныя ўмовы», даведацца, як людзі ўспрымаюць праект, перш чым ён стане законам. Чым гэта ўсё можа скончыцца?

— У найгоршым выпадку — прымуць закон, які пачне дзейнічаць праз паўгода, ці які ў перспектыве не зменіць роўным лікам нічога. А патрэбныя кардынальныя змены.

Калі мы хочам палепшыць якасць аказання медычнай дапамогі — якой халеры мы рыхтуем спецыялістаў у 5 разоў хутчэй, чым у іншых краінах?

Калі ў нас бракуе лекараў у невялікіх гарадах — можна паглядзець на досвед суседняй Польшчы. Дзе заробак лекара ў маленькім горадзе вышэйшы, чым у сталіцы — дзяржава павялічвае выдаткі на гэта, прапануе жытло, рэальна нешта робіць, каб медыкі хацелі там працаваць. Наша дзяржава — размяркоўвае не на 2, а на 5 год: маўляў, злюбіцца, сцерпіцца. Але ж рабская праца ніколі не будзе якаснай.

Калі тэрапеўтаў перанавучаюць на эндакрынолагаў курсамі цягам месяца — гэта не клопат пра здароўе насельніцтва, гэта проста латанне дзіраў дзеля прыгожай статыстыкі. А людзі як пакутавалі, так і будуць пакутаваць, страчваць зрок і раней паміраць.

Рэч у тым, што ў Беларусі фасадная медыцына. Калі не даюць часу, каб нармалёва вывучыць медыкаў. Калі ёсць шпіталі, якія не зачыняюць, проста запіхваюць пацыентаў туды планава паляжаць — гэта ж таксама не пра клопат.

У нас толькі 60% людзей з інфарктам атрымліваюць сучасную і якасную дапамогу, у Польшчы — больш за 90%. Так, можа, не ў ложкі ў стацыянарах трэба ўкладацца, а ў абсталяванне? І лячыць не планава, а тых, каму гэта патрэбна?

І гэта толькі маленькая частка з цэлага стосу праблем, якія не вырашаюць, а толькі робяць выгляд.

І што самае крыўднае — чалавечы рэсурс, і нават матэрыяльны, дазваляе беларускай медыцыне не проста выжываць, а быць у разы болей эфектыўнай, чым цяпер.

Калі прыбраць бессэнсоўныя задачы і скараціць выдаткі на непатрэбныя рэчы. Але каго гэта цікавіць у міністэрстве?

Таму маем тое, што маем: нашыя маладыя лекары «шчыльнымі радамі» едуць хто на Захад, хто на Усход. Там, дзе ўмовы навучання не змяняюцца на хаду, і дзе медыкаў не ўтрымліваюць кайданкамі на працы. А наступных студэнтаў у каледжы і медыцынскія ВНУ — чарга не стаіць.

Беларусаў усё меней у Беларусі, і іх няма кім замяніць. Можна ўзяць крэдыт у Расіі ці Кітая, але лекарамі і медсёстрамі крэдыт ніхто не выдасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)