Навумчык: «Сумняюся, што сам Лукашэнка спажывае хойніцкі «пармезан»

Публіцыст — пра самае страшнае, што бачыў у 30-кіламэтровай зоне, і чарнобыльскія прысмакі.

— «Наша Ніва» працытавала старшыню камісіі па экалёгіі т.зв. палаты прадстаўнікоў Жану Чарняўскую, якая пахвалілася, што вырабленыя на забруджанай тэрыторыі сыры пастаўляюцца ў Расею, Казахстан і ў Кітай, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Асабліва высокіх ацэнак («вельмі смачны»!) заслужыў «пармезан» з Хойнікаў. Строга кажучы, пармэзанам называюць сыр, выраблены толькі ў Італіі, і не ва ўсёй краіне, а ў пяці правінцыях, але ня будзем чапляцца да дэталяў.

Ведаеце, што самае страшнае бачыў я ў 30-кіламэтровай зоне, у некалькіх кілямэтрах ад 4-га энэргаблёку ЧАЭС?

Могілкі грузавых аўтамабіляў – тых, якія выкарыстоўвалі ў 1986-м. Яны нагэтулькі шмат набралі радыяцыі, што дэзактываваць іх было немагчыма. Яны стаялі шэрагамі – тысячы грузавікоў, да гарызонту. У жыцьці ня бачыў столькі машын адразу (былі там і тыя самыя верталёты, зь якіх скідвалі пясок на палаючы рэактар).

І ўва ўсіх грузавіках былі адкрытыя капоты. І ўсе былі без рухавікоў – іх скралі і прадалі. Куды? Савецкі Саюз быў вялікі. Праўда, везьці ў той жа Казахстан – далёка, затое Беларусь – вось яна, зусім побач.

Уяўляеце, колькі радыяцыі набраў кожны рухавік? І колькі гадоў яны працавалі ў іншых аўтамабілях, за стрыном якіх сядзелі людзі, што і не падазравалі пра сьмяротную небясьпеку?

Выраб прадукцыі на чарнобыльскіх тэрыторыях, па словах старшыні экалягічнай (!) камісіі, стаў магчымы «дзякуючы нашаму прэзыдэнту». Ну, хто б сумняваўся.

Сумняюся толькі ў тым, што сам Лукашэнка спажывае хойніцкі «пармезан». Думаю, аддае перавагу сапраўднаму, з Рэджа-Эміліі. Можа, і ня надта смачнейшаму, затое дакладна больш экалягічнаму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(87)