Севярынец: «Цяпер найлепшае выйсце для ЕГУ — рабіцца элітнай вышэйшай школай для беларусаў замежжа»

Палітык Павел Севярынец — пра перспектывы ўніверсітэта, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім».

Павел Севярынец

— Пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» непазбежны масавы адток беларускіх студэнтаў (а іх больш тысячы) і выкладчыкаў (а іх дзясяткі), — піша Павел Севярынец. — Непазбежная і дыскусія — які цяпер жыць і якім цяпер быць ЕГУ.

Калі не рабіць кардынальных крокаў і пераконваць усіх, што «працуем у звычайным рэжыме», скончыцца тым, што ЕГУ альбо зачыніцца, альбо ператворыцца ў адзін з заштатных, нікому не патрэбных безаблічных «варыянтаў» для тых, хто ня трапіў у прэстыжныя альбо нават сярэднія рэгіянальныя ВНУ.

Да 14 красавіка баяліся, што прызнаюць экстрэмістамі. Цураліся «свяціцца». Усё, прызналі. Цяпер баяцца няма чаго. Цяпер трэба рэальна свяціць. І адкрыта казаць Еўропе, якая ўсе гэтыя гады падтрымлівала ЕГУ: патрэбная кузня кадраў для беларускіх пераменаў.

Яшчэ з канца 1990-х беларусы марылі пра сапраўды беларускі ўніверсітэт, які мае рыхтаваць элітныя кадры для будучай дэмакратычнай Беларусі.

Скажаце, а хто з беларусаў замежжа будзе аддаваць дзяцей у сённяшні ЕГУ? Ва ўніверсітэт, дзе па-беларуску выкладаюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Кацярына Ваданосава, Вінцук Вячорка, Павел Церашковіч, Цімох Акудовіч — будуць.

Куды паступаць дзецям 2020-га года? Цяпер, калі ў самой Беларусі громяць і беларускую адукацыю, і культуру, дзясяткі тысячаў маладых беларусаў і ў краіне, і за мяжой мараць пра найлепшы ўнівер у свеце. Свой.

читайте также

Бо ўніверсітэт, які гадуе геніяў — гэта не пра «варыянты», «стандарты» і нават дыпломы. А пра мару, якая робіцца явай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)