Слюнькін: «З’яўляецца інструмент, якім можна не толькі абалваньваць людзей, але і больш іх кантраляваць, уплываць»

Палітычны аналітык, экс-дыпламат распавёў, чаму дэмакратыя можа аслабець і як лічбавыя тэхналогіі ўмацоўваюць дыктатуры.

Тэхналогіі, мяркуе Павел Слюнькін, становяцца адным з самых галоўных інструментаў у сусветнай палітыцы — прычым гэта пытанне ўжо не будучыні, а бягучай рэчаіснасці.

— AI дазволіць канцэнтраваць уладу ў руках пэўных людзей нашмат больш эфектыўна, — зазначыў аналітык у праекце «Канапа» Радыё Свабода. — Уявіце лічбавую дыктатуру, кшталту такой, якую будуе Кітай: калі ў уябе абсалютна ўся тэхналагічная інфраструктура, ад камер відэаназірання да спажывання: колькі ты замаўляеш тавараў ці што ў рэстаранах ясі, — падначальваецца нейкая сістэме, якая аналізуе ўсю data пра цябе. І ўсё пра цябе ведае.

Павел Слюнькін

Калі ты, умоўна, палітык, які хоча пераабрацца — а ў цябе, як у прадстаўніка дзяржавы, проста ў любым выпадку больш інструментаў і рэсурсаў. Якая верагоднасць таго, што гэта спакусіць выкарыстоўваць іх больш, чым дазваляе закон?

У цябе з’яўляецца такі інструмент, якім можна не толькі абалваньваць людзей, але і больш іх кантраляваць, уплываць.

Мне здаецца, дэмакратыя непазбежна і вельмі моцна зменіцца. Бо тэхналогія дае нам менш свабоды, хутчэй, больш кантролю людзям, якія маюць рэсурсы.

Павел Слюнькін зазначае, што нават крыху баіцца разважаць аб тым, як будзе выглядаць поўны тэхналогій «новы свет», каб гэта не выглядала крыху наіўна ці занадта песімістычна.

— Але ж я задумаўся аб тым, што ў Беларусі сістэма кантролю за грамадзянамі, ці тая савецкая сістэма, якую мы перанялі — у выніку ў ёй таксама лічбавая дыктатуры існуе. Проста гэту задачу робіць супрацоўнік ГУБАЗіК ці ўчастковы міліцыянер, які ходзіць, кантралюе і апісвае, хто што лайкае.

АІ дакладна заменіць гэтую частку працы і зробіць яе прасцейшай — усе гэтыя запыты характарыстык, даведкі, ці ты сядзеў па палітычнай справе альбо працаваў не ў тым месцы, нявыдачу крэдытаў беларусам, якія былі затрыманыя па «палітычных» артыкулах.

Усё гэта вельмі проста аўтаматызуецца, як мінімум у дыктатурах, мы бачым, што трэнд такі. У дэмакратыях, думаю, будзе больш складана з гэтым.

Прытым я б не прымяншаў супраціў людзей, якія ёсць вельмі магутным актарам у любой дэмакратычнай дзяржаве. І калі яны будуць паўставаць супраць <паўсюднага> выкарыстання тэхналогій, у іх яшчэ ёсць магчымасць тую дэмакратыю абараняць.

Ці можа штучны інтэлект, наадварот, уратаваць дэмакратыю, а не знішчыць яе — прынамсі ў Беларусі?

— Я сустракаўся з людзьмі, якія лічаць што гэта магчыма, — гаворыць Павел Слюнькін, — аднак, разважаючы пра шматлікія фактары, не бачу асабліва магчымасцяў для гэтага. Бо людзі пазбаўленыя рэсурсаў. І іх становіцца менш.

Сёння ў цябе ёсць доступ да Claud ці ChatGPT — а заўтра дзяржава яго абмяжоўвае, а сабе пакідае. Гэта не тое, што вырашае звычайны чалавек ці нават кампанія — гэтае рашэнне прымае пул літаральна ў 20-30 чалавек. Тыя, у каго ў руках знаходзіцца «кнопка».

У прынцыпе, так можна сказаць пра ўсё астатняе. Святло, газ, вада — гэтыя інструменты заўсёды былі ў руках дзяржавы. Пытанне пра тое, як пабудаваная твая дзяржава, наколькі яна паважае твае правы. У Паўночнай Карэі або Іране інтэрнэт зараз адключаюць. У нас ён пакуль ёсць. Але відавочна, што вельмі моцна адрозніваецца, як гэта працуе ў Швейцарыі і ў Беларусі.

Калі ў нас ва ўладзе будзе знаходзіцца група людзей, якая не хоча будаваць дэмакратыю, а хоча будаваць сваю ўладу — то які ў іх інтарэс даваць інструменты, якія ты можаш выкарыстаць супраць іх? Яны будуць будаваць сістэму, каб выкарыстоўваць іх супраць цябе. Як гэта перамагчы — у мяне ідэй няма…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(3)