Общество

Сын аднаго з лідараў страйкама «Беларуськалія» выйшаў з 73-дзённай комы ў шпіталі ў Чэхіі

Бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч расказаў Радыё Свабода пра абставіны лячэньня сына і ягонага юрыдычнага статусу.

Якаў Кудзялевіч у шпіталі пасьля комы

23-гадовы беларус Якаў Кудзялевіч зь сярэдзіны красавіка быў у коме ў шпіталі ў Чэхіі. Цяпер ён выйшаў зь яе. І гэта было нечакана, кажа бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч.

Дзьмітры Кудзялевіч распавёў, што ў шпіталі, у якім лекуюць Якава, цяпер знаходзіцца яго маці, і 24 чэрвеня яна нечакана патэлефанавала і сказала яму: «Дзьмітры, з табой хоча пагаварыць сын».

— Для мяне гэта было як гром сярод яснага неба. 73 дні сын знаходзіўся ў глыбокай коме. І калі я ўзяў слухаўку, ён кажа: «Добры дзень, тата». Гэта цяжка перадаць, наколькі гэта было моцна і пранікліва.

Пасьля гэтага бацька рэгулярна гутарыць з сынам па тэлефоне, наведвае яго на выходных.

— Паедзем з дачкой наведваць нашага сына і падымаць яго, таму што ён цяпер у прытомнасьці, мае зносіны, усё добра памятае, ніякага парушэньня гаворкі няма. Але ён не кіруе канечнасьцямі, рукамі, нагамі, зьнерухомлены, на жаль. Працягваецца інтэнсіўная тэрапія».

Бацька кажа, што тым часам сям’я чакае суду па міжнароднай абароне Якава і моцна непакоіцца, якім будзе вынік.

— Я маю на ўвазе рашэньне чэскага суду па абскарджаньні адмовы ў міжнароднай абароне. У нас вельмі моцная падтрымка. Я сёньня вось проста паглядзеў тыя лісты, якія нам даслалі ў падтрымку, і афіцыйныя лісты ёсьць, накіраваныя на адрас чэскага суду. Гэта і ад офісу Сьвятланы Ціханоўскай, і асобна ад офісу дэмакратычных сіл у Чэхіі пад кіраўніцтвам Крысьціны Шыянок, якая ўвесь час з намі ў кантакце, нас выдатна падтрымлівае, дае нам розныя каналы для дапамогі, юрыдычнай і фінансавай.

Асобна хочацца падзякаваць офісу дэмакратычных сіл ва Ўкраіне, Сьвятлану Шаціліну. Яна таксама з намі ў кантакце рэгулярна. Украінскі фонд «Самостійна Украіна», зь якім Якаў супрацоўнічаў, яны таксама з намі ў кантакце. Каардынацыйная рада даслала нам ліст падтрымкі і экспэртнае заключэньне, праваабарончы цэнтар «Вясна».

Асобна Дзьмітры Кудзялевіч адзначыў лекара Сяргея Юрчанку, беларуса, які кіруе адзьдзяленьнем інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталі, у якім знаходзіцца Якаў, Цэнтар беларускай салідарнасьці, беларускае студэнцтва ў Чэхіі.

Прагнозы далейшага лячэньня ні лекары, ні бацька даваць не бяруцца:

— Гэта, вядома, цуд ня толькі для нас, ну, родных і блізкіх, але і для лекараў, я так разумею, бо ніхто не чакаў, што будзе вось менавіта так. Таму ніякіх прагнозаў, бо гэта такая неардынарная сытуацыя. Ну, лекары вельмі асьцярожныя, усьміхаюцца. Я вам скажу, так, у адзьдзяленьні ў шпіталі нават агульнае становішча зьмянілася, — кажа Дзьмітры Кудзялевіч.

Праблемы ў эміграцыі сям’і Кудзялевічаў

Бацька Якава Дзьмітры Кудзялевіч, адзін з колішніх лідэраў страйкаму «Беларуськалія», быў вымушаны ўцячы зь Беларусі ў 2020 годзе. Цяпер Дзьмітры Кудзялевіч разам з адвакатам спрабуюць абскардзіць адмову МУС Чэхіі прадаставіць міжнародную абарону Якаву.

Якаў у 17-гадовым узросьце быў вымушаны зьехаць зь Беларусі пасьля 2020 году праз пагрозу рэпрэсій. Тры гады ён вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Остраве ў Чэхіі па спэцыяльнасьці «біятэхналёгіі». Хлопец зразумеў, што гэтая спэцыяльнасьць не для яго, і давялося пакінуць унівэрсытэт.

Пасьля гэтага былі розныя працы, спробы распачаць вучобу ва ўнівэрсытэце ў Празе. Якаў сутыкнуўся з праблемай легалізацыі. Хлопец падаўся на міжнародную абарону, паколькі і ён, і бацька ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаныя пакінуць краіну. Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі адмовіла яму ў міжнароднай абароне.

Дзьмітры Кудзялевіч, які быў адным з колішніх лідэраў страйкаму «Беларуськалію», пасьля затрыманьня КДБ у жніўні 2020 году здолеў уцячы ва Ўкраіну. Цяпер ён жыве ў Польшчы.

Кудзялевіч згадвае, як на пачатку красавіка сын перастаў зь ім кантактаваць. Ён пачаў шукаць Якава празь яго знаёмых у Чэхіі. Сына знайшлі без прытомнасьці на падлозе ў ягоным пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне.

Паводле дактароў Якаў прыняў шэраг мэдычных прэпаратаў і знаходзіўся без прытомнасьці адзін каля сутак. Хлопца тэрмінова перавезьлі ў шпіталь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)