Вольскі: «Ва ўладзе людзі, якія маюць праблемы з густам. Ім ужо не растлумачыш, што прыгожа»

Лявон Вольскі разважае на Budzma.org пра тое, як беларускія ўлады змагаюцца з зелянінай у гарадах. Навошта яны гэта робяць? Ці сапраўды адзіная магчымасць дадаць зеляніны ў цэнтры Мінска — паставіць кантэйнеры з дрэўцамі?

Лявон Вольскі

Менск — зялёны горад?

У Мінску (ня блытаць зь Менскам) — новы крэатыўны падыход да азеляненьня — уздоўж галоўнага праспэкту паставілі велізарныя прастакутныя гаршкі (ці то вазоны? ці то кантэйнэры?) з маладымі дрэўцамі.

На праспекце Незалежнасці ў Мінску высадзілі ліпы ў спецыяльных кубавых кантэйнерах Фота: агенцтва «Мінск-Навіны»

Сацсеткі застракацелі палярнымі меркаваньнямі. Хтосьці спадзяецца, што гэтае авангарднае рашэньне верне праспэкту хоць якую зялёную нотку, хтосьці саркастычна сьмяецца, маўляў, чарговы некампэтэнтны тупік — узімку карані дрэўцаў вымерзнуць, і на гэтым рэвалюцыйная ініцыятыва вычарпаецца.

У сацсетках разгарнулася спрэчка наконт спосабу азелянення праспекта Незалежнасці ў Мінску. Малюнак Лявона Вольскага

Калісьці Менск (ня блытаць зь Мінскам) быў «зялёным горадам». Яго так называлі ў глянцавых турыстычных даведніках, бадзёрых дакумэнтальных фільмах і газэтных артыкулах, прасякнутых добрым настроем і непахіснай верай у сьветлае заўтра.

Аўтары апявалі гарадзкія паркі, сквэры, праспэкты, «усё спрэс у высокіх дрэвах». Асобна ўслаўляўся выбітны зялёна-водны пэрымэтар. Ні ў якім іншым горадзе нічога такога не было — адметная менская «разынка» пасьляваеннага горадабудаваньня...

Змаганьне зь зяленівам

Прыйшоў новы час. І новая ўлада. Нягледзячы на папулісцкія лёзунгі «Пакінем ад Савецкага Саюзу ўсё лепшае», гэтая ўлада пачала добраўпарадкаваньне сталіцы... са змаганьня зь зяленівам.

Навошта гэта было рабіць? Бо за дарослымі дрэвамі цяжка даглядаць? Ці то таму, што ўжо тады паўсюль у цэнтры пачалі ўсталёўваць камэры, а дрэвы перашкаджалі агляду? Ці проста, каб прадэманстраваць, хто тут гаспадар? Дакладна ня ведаю, але выглядала, не раўнуючы, як у Толкіна, дзе Саруман з мэтадычнай нянавісьцю высякаў пракаветныя лясы.

Са сталіцы практыка перакінулася ў іншыя гарады, у мястэчкі, у вёскі. Высокія раскідзістыя дрэвы, здавалася, раздражнялі людзей улады на ўсіх узроўнях — і вось ужо дашчэнту высеклі ўтульныя панскія прысады на пад’езьдзе да вёскі, сьпілавалі векавыя дубы каля дарогі, маўляў, надта высокія, старыя, а раптам навальніца са шквальным ветрам — упадуць на дарогу, а па ёй езьдзяць аўтамабілі і раварысты, пешаходы ходзяць. Лепей прыбраць.

Менск ператварыўся ў «каменныя джунглі»

У сталіцы працягнулі «ўпарадкаваньне». Цяпер яно перакінулася на той колішні савецкі гонар гораду — водна-зялёны пэрымэтар. Раней гэта была ахоўная зона, на берагах вадаёмаў у горадзе не дазвалялася ўзводзіць высокія будынкі, толькі спартова-рэкрэацыйныя ўстановы нізкай павярховасьці.

Цяпер гэтыя ўчасткі пачалі паступова выводзіць з аховы, і вось ужо берагі абрасьлі палацамі, судамі, гандлёвымі цэнтрамі і высачэзнымі жылымі раёнамі.

Паступова горад ператвараўся ў «каменныя джунглі» — хаатычная забудова, асфальт, бэтон, плітка, шкло, і пасярод усяго гэтага — фрагмэнтарна — чэзлыя невысокія дрэўцы. Стары савецкі выраз пра «Мінск — зялёны горад» зрабіўся неактуальны.

Не варта плакаць і пераймацца

Але рана пасыпаць галаву попелам, плакаць і пераймацца. Рана. Ну, так, цяпер ва ўладзе людзі, якія маюць праблемы з густам. Ім ужо не растлумачыш (ды і хто наважыцца тлумачыць?), што прыгожа — гэта не заўсёды, калі высачэзна і ўсё ў люстраным шкле.

Але раней ці пазьней (я вельмі спадзяюся і веру) сфармуецца нармальная ўлада, прыйдуць людзі новага закліканьня ў міністэрства архітэктуры, і на Кастрычніцкай плошчы (можа быць, яна ўжо будзе плошчай Каліноўскага, бо нашто нам той савецкі кастрычнік?) заструменяць фантаны, вырастуць высокія дрэвы, і ўся гэтая неабсяжная пустая прастора зробіцца зонай культуры і адпачынку.

Там будуць граць вулічныя музыкі (ім не спатрэбіцца зацьвярджаць рэпэртуар у адпаведных установах — грай што хочаш!), сядзець на лаўках людзі, есьці марозіва, трымацца за рукі...

Жывы прыклад з Варшавы

Жывы прыклад — рэканструкцыя вуліцы Złotej у Варшаве. Гэта быў такі ж самы шклобэтон, няўцямныя паркінгі, асфальт, увесь у рамонтных лапіках, і шэры тунэль для аўтатранспарту. У выніку мадэрнізацыі — 80 дрэваў (высьвятляецца, іх можна перасаджваць ужо дарослымі, ёсьць такія тэхналёгіі), газон, лаўкі, фантаны, і дажджавая вада не зьліваецца наўпрост у каналізацыю, а зьбіраецца ў гіганцкія рэзэрвуары, каб потым паліваць гэтыя дрэвы і іншую расьліннасьць.

І такія рамонты цяпер праводзяцца па ўсёй Варшаве!

Вуліца Злота ў Варшаве да і пасля рэканстуркцыі. Скрыншот відэа з афіцыйнага ютуб-канала прэзідэнта Варшавы

Вы можаце спрачацца наконт квадратных вазонаў з дрэўцамі ў цэнтры Менску. Можаце патрыятычна сьцьвярджаць, што лепей нешта рабіць, чымсьці зусім нічога. Але гэтымі няшчаснымі саджанцамі праблемы густу, стылю і проста зьнешняга выгляду беларускае сталіцы дакладна ня вырашыш.

Тут патрэбны зусім іншыя захады.

І часы для іх ужо на падыходзе.

Средний балл 5(10)