Общество

Цяпер афіцыйна. Улады Беларусі пацвердзілі, што перасталі выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў

Калі расейскаму грамадзяніну, які атрымае позву ў войска, забароняць перасякаць мяжу, то ён не зможа выехаць у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. Гэта Белсату пацвердзілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Фота: LookByMedia

«Калі яму не выставіць Расейская Федэрацыя забарону выезду і ўсё ў парадку з дакументамі, то выпусцяць», — сказалі карэспандэнтцы «Белсату» як прыватнай асобе ў Дзяржаўным памежным камітэце ў адказ на пытанне, ці зможа выехаць з Беларусі ў трэцюю краіну грамадзянін Расеі, які атрымае позву ў войска.

Надоечы праваабаронцы паведамілі, што ўпершыню беларускія памежнікі не выпусцілі з краіны расейца, які намагаўся вылецець з Менску спачатку ў Тбілісі, а потым у Ерэван.

Раней гэты мужчына атрымаў позву прыйсці 29 красавіка на медычны агляд. Адначасова ў адмысловым электронным рэестры з’явілася забарона на выезд прызыўніка з Расеі.

Паводле здагадак праваабаронцаў, памежнікі дзвюх краінаў пачалі абменьвацца звесткамі з электроннага рэестра вайсковага ўліку і рэестру позваў.

У Памежным камітэце Беларусі пацвердзілі, што існуе нейкая агульная база, і параілі звяртацца «ў кампетэнтныя органы Расейскай Федэрацыі»: «Калі адкажуць, што выезд не абмежаваны, калі ласка, можна выязджаць з тэрыторыі Беларусі. Калі выезд забаронены, то ўсе пытанні да Расейскай Федэрацыі. Калі асоба будзе ў базе, яе не выпусцяць. Калі не будзе ў базе абмежаваных да выезду, мы выпусцім».

Раней расейскія прызыўнікі маглі без перашкодаў пакінуць тэрыторыю «Саюзнай дзяржавы» праз Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)